У пазове, пададзеным у фэдэральны суд Вашынгтона, гаворыцца, што напад стаў кульмінацыяй заяў Трампа, якія доўжыліся на працягу некалькіх месяцаў. Па словах афіцэраў, прэзыдэнт ведаў пра магчымасьць гвалту і актыўна заахвочваў яго ў надзеі прадухіліць зацьвярджэньне перамогі Джо Байдэна на выбарах.
У пазове сьцьвярджаецца, што Трамп уступіў у змову з экстрэмісцкімі арганізацыямі «Гордыя хлопцы» і «Захавальнікі клятвы», а таксама з ультраправымі палітычнымі дзеячамі, уключаючы Роджэра Стоўна і Алі Аляксандра.
«Трамп разам зь іншымі адказчыкамі наўмысна і настойліва вылучаў і заахвочваў ілжывыя заявы аб фальсыфікацыі выбараў, каб дыскрэдытаваць вынікі выбараў і выклікаць абурэньне сярод сваіх прыхільнікаў», — гаворыцца ў пазове.
Гэта ўжо ня першы грамадзянскі пазоў, накіраваны на тое, каб прыцягнуць Трампа да адказнасьці за аблогу Капітолія натоўпам яго прыхільнікаў.
У дзень штурму Капітолія загінулі чатыры чалавекі, а на наступны дзень памёр афіцэр, на якога напалі пратэстоўцы. Чацьвёра паліцэйскіх, якія ўдзельнічалі ў абароне Капітолія, пасьля пакончылі з сабой. Раненьні атрымалі больш за сотню супрацоўнікаў паліцыі.
Асабісты адвакат Трамп Рон Фішэці пакуль не адказаў на запыты аб камэнтарах.
Адказваючы на аналягічны пазоў, пададзены кангрэсмэнам-дэмакратам Эрыкам Суолвэлам, Трамп заявіў, што яго дзеяньні зьяўляліся праявай свабоды слова, якую гарантуе Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША, і што ён ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці па грамадзянскай справе, паколькі дзейнічаў як прэзыдэнт.