Паводле асноўнай вэрсіі, крыніцай заражэньня новым каранавірусам стала мяса дзікіх жывёл, якое прадавалі на рынку ў кітайскім горадзе Ухань. Першыя выпадкі заражэньня былі зафіксаваныя ў сьнежні 2019 году. Аднак, адміністрацыя Трампа ў выніку ўласнага расьсьледаваньня атрымала інфармацыю аб тым, што яшчэ ўвосень 2019 году супрацоўнікі інстытуту вірусалёгіі ва Ўхані былі шпіталізаваныя з сымптомамі, падобнымі да сымптомаў COVID-19. Пазьней стала вядома, што кітайскія ўлады чынілі перашкоды экспэртам Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, якія спрабавалі выявіць крыніцу інфэкцыі. Увесну сёлета некалькі аўтарытэтных навукоўцаў напісалі адкрыты ліст, настойваючы на тым, што пытаньне аб тым, знаходзіўся гэты вірус у прыродзе альбо быў створаны ў лябараторыі і быў выпушчаны па неасьцярожнасьці, застаецца адкрытым і патрабуе адказу.
Засакрэчаны даклад амэрыканскай выведкі быў падрыхтаваны на ўказаньне прэзыдэнта Байдэна. Як піша газэта Wall Street Journal, у ім падкрэсьліваецца неабходнасьць супрацоўніцтва з боку Кітаю, які адмаўляецца падзяліцца дадзенымі лябараторных дасьледаваньняў, узорамі геному вірусу і іншымі зьвесткамі, безь якіх немагчыма пэўна вызначыць паходжаньне вірусу. «Калі Кітай ня дасьць доступу да пэўнай інфармацыі, мы ніколі не даведаемся праўды», — цытуе газэта супрацоўніка амэрыканскай адміністрацыі.