Са жніўня мінулага году беларусы зьяжджаюць жыць за мяжу па палітычных перакананьнях. Глядзім, колькі чалавек ужо зьехалі і ці спыніцца гэты працэс.
Літва
За год Літва выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных візаў. Такая віза дае магчымасьць знаходзіцца ў Літве і працаваць. 834 беларусы атрымалі спэцыяльны дазвол ад міністра ўехаць у Літву праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы.
206 беларусаў падалі запыт на прытулак у Літве. Гэтую лічбу Сьвятлане Ціханоўскай назвалі падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.
Польшча
З пачатку году па 31 ліпеня Польшча выдала беларусам 90 тысяч візаў, зь іх 9 тысяч — гэта гуманітарныя візы, зь якімі беларусы могуць працаваць у Польшчы. Са жніўня мінулага году Польшча выдала беларусам 12 тысяч гуманітарных візаў. Такім чынам, толькі ў Літву і Польшчу маглі зьехаць 110 тысяч беларусаў.
Украіна
Паводле памежнай службы Ўкраіны, са жніўня мінулага году мяжу перасеклі 100 тысяч беларусаў. Гэта ня значыць, што ўсе гэтыя людзі засталіся жыць ва Ўкраіне.
У Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны зьвярнуліся 64 грамадзяніна Беларусі дзеля атрыманьня статусу ўцекача або дадатковай абароны ад украінскай дзяржавы.
Гэтулькі заяваў міграцыйная служба атрымала з 1 жніўня 2020 па 31 ліпеня 2021 году.
За гэты ж пэрыяд 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Ўкраіну і на гэтай падставе цяпер могуць зьвярнуцца па від на сталае жыхарства. Дазволы на іміграцыю найперш выдаюць высокакваліфікаваным спэцыялістам, якіх патрабуе эканоміка Ўкраіны.
Як адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды, з 1 жніўня 2020 да 31 ліпеня 2021 году 811 грамадзян Беларусі атрымалі від на сталае жыхарства, яшчэ 3348 — на часовае, а 572 беларусам падоўжылі магчымы тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне.
Латвія
Па інфармацыі на канец траўня гэтага году, у Латвію пераехалі 15 беларускіх кампаній, гэта некалькі соцень працоўных месцаў. Летась латвійскую візу атрымалі 250 беларусаў.
З 1 жніўня 2020 да 30 сакавіка 2021 году Латвія атрымала 54 заяўкі аб прадстаўленьні прытулку ад грамадзян Беларусі. 24 заўкі разгледзелі зь іх па 19 прынялі станоўчае рашэньнеУправление по делам гражданства и миграции.
А што ў афіцыйнай статыстыцы
Калі параўноўваць колькасьць жыхароў Беларусі ў 2020 і 2021 гадах, то, паводле Белстату, жыхароў краіны стала менш на 60 614 чалавек. Апошнія дадзеныя па міграцыі ў афіцыйнай статыстыцы — толькі за 2019 год.
МУС Беларусі апошні раз агучвала статыстыку ў кастрычніку мінулага году, тады казалі пра 13,5 тысячы беларусаў, якія зьехалі.
«Больш за 100 тысяч — гэта вельмі шмат»
Калі падлічыць усе выдадзеныя з часу пратэстаў у Беларусі візы ў краіны Эўразьвязу для грамадзян Беларусі, то атрымаецца, што зьехалі больш за 100 тысяч чалавек. І гэта без уліку тых, хто зьехаў ва Ўкраіну ці Расею. На думку сацыёляга, экс-дырэктара Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзя Коршунава — гэта вельмі вялікая лічба.
«Гэта вельмі шмат! Тэмпы разьвіцьця грамадзтва, эфэктыўнасьць разьвіцьця залежаць ад невялікай колькасьці людзей. Гэта 5–7% ад усёй супольнасьці. Рэжым выціскае больш актыўную, найбольш адукаваную частку грамадзтва. З пэўнага пункту гледжаньня — гэта катастрофа», — мяркуе навуковец.
Пры гэтым ён зважае на тое, што людзі, якія нядаўна зьехалі празь ціск, вернуцца.
«Людзі, якія зьехалі празь ціск уладаў, — вернуцца. Прынамсі частка. Вернецца і частка тых, хто зьехаў 2–4 гады таму. Ніжэйшая верагоднасьць, што вернуцца тыя, хто зьехаў 5–7 гадоў таму. Пры Лукашэнку, зразумела, ня вернецца ніхто. Колькі вернецца, насамрэч залежыць ад таго, што новая ўлада дасьць гэтым людзям, каб заахвоціць», — мяркуе Генадзь Коршунаў.
Ён зважае на тое, што многія беларусы замежжа гатовыя шмат рабіць дзеля Беларусі з-за мяжы. І гэта болей, чым яны змаглі зрабіць дома.
«Беларусы, якія зьехалі, заяўляюць пра сябе не як пра дыяспару. Яны кажуць, што яны „беларусы замежжа“. Гэта значыць, іх дзейнасьць тычыцца Беларусі. Беларусь цяпер ня толькі тэрыторыя, гэта ўсе беларусы, якія жывуць ад Новай Зэляндыі да Канады. Можна шмат чаго рабіць на карысьць Беларусі, не знаходзячыся ў Беларусі. З аднаго пункту гледжаньня, той ад’езд, які адбываецца, — гэта катастрофа і з эканамічнага, і з дэмаграфічнага пункту гледжаньня. Але пры гэтым тут няма пункту незвароту. Добрую частку гэтых працэсаў можна павярнуць і на карысьць Беларусі. Многія з тых, хто зьехаў, змогуць зрабіць за межамі больш, чым у Беларусі, на карысьць Беларусі», — кажа Генадзь Коршунаў.
На думку навукоўца, пры цяперашняй уладзе працэс ад’езду будзе ісьці далей.