Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі асьцерагаюцца зьяўленьня мігрантаў з боку Расеі


Група мігрантаў на беларуска-латвійскай мяжы
Група мігрантаў на беларуска-латвійскай мяжы

Зьніжэньне колькасьці мігрантаў, якія транзытам празь Беларусь імкнуцца трапіць у Латвію, не зьяўляецца для тамтэйшых памежнікаў нагодай для заспакаеньня. Больш за тое, яны гавораць пра патэнцыйнае ўзьнікненьне напружаньня і на мяжы з Расеяй.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Гунціс Пуяц у праграме тэлевізійнага каналу LTV «Rīta panorāmā» паведаміў, што ў нядзелю на памежжы не было спробаў парушэньня мяжы, аднак напружанасьць і рызыка застаюцца высокімі. Словы Пуяца ў тэлевізійным этэры прыводзіць афіцыйны сайт памежнай службы.

Пуяц сказаў, што шэраг парушальнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы і чакае магчымасьці ўехаць у Латвію. З гэтымі людзьмі размаўляе латвійскі памежнік, і большасьць зь іх выказала жаданьне вярнуцца ў Ірак, аднак беларускія службы не вяртаюць іх унутр краіны, трымаючы на мяжы.

«Беларусь прымяняе сілу для дэстабілізацыі сытуацыі ў Латвіі. У выпадку неабходнасьці латвійскі бок не адмовіць у дапамозе гэтым людзям, у той час як беларусы не акажуць ніякай дапамогі. Аднак Латвія прыняла ў сваю краіну 25 чалавек з розных груп мігрантаў праз рызыку для іх здароўя. Але такая практыка прыёму не павінна надта пашырацца, бо калі мы зараз адкрыем сваю мяжу, тысячы шукальнікаў шчасьця паспрабуюць уехаць у Латвію і Эўрапейскі Зьвяз», — адзначыў чыноўнік.

Па інфармацыі Пуяца, зараз на памежжы знаходзяцца пераважна іракцы, мігрантаў з Афганістану пакуль ня выяўлена. Частка зь іх, як сьцьвярджае генэрал, трапляюць у Беларусь з Расеі, і далей напружанасьць можа паўстаць непасрэдна на расейска-латвійскай мяжы.

Гунціс Пуяц сказаў, што ў гэты момант няма ніякіх кантактаў зь беларускімі памежнікамі, якія дзейнічаюць недапушчальна. Аднак латвійскі бок накіраваў беларускаму пратэст супраць правакаваньня міграцыйнага крызісу.

Партал Delfi прыводзіць вытрымкі зь іншай перадачы LTV, у якой тэлеканал узяў інтэрвію ў мігранта, які перабраўся ў Латвію і просіць прыстанішча. Жыхар Іраку, адзін з амаль 400 чалавек, якія сёлета парушылі мяжу зь беларускага боку, прызнаўся, што заплаціў 15 тысяч даляраў кантрабандысту, каб той арганізаваў яго перакідваньне ў Эўразьвяз. Так і апынуўся ў Латвіі.

Амар, як яго называлі ў перадачы, адмовіўся паказваць у праграме свой твар, бо, паводле яго, ён «у якасьці перакладчыка дапамагаў вайскоўцам розных краін у барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“». Ён нібыта знайшоў кантрабандыста ў Іраку і перадаў яму грошы ў аэрапорце. Спачатку прыляцеў у Маскву, потым адправіўся ў Латвію ў групе з 10 чалавек праз Санкт-Пецярбург і Беларусь.

«Мы езьдзілі на машынах, часам хадзілі пешшу. Напрыклад, мы ішлі празь лес 7 гадзін. Гэта быў доўгі шлях. Атрымаць беларускую візу было вельмі проста — 20 даляраў. За 600 даляраў можна было купіць пакет з авіябілетамі, машыну на 7 дзён, візу. Гэта прапанова, якой не было ніколі раней».

Сэйм Латвіі ў жніўні вырашыў паскорана разгарнуць агароджу з калючага дроту на 37 кілямэтрах самага складанага ўчастку супольнай мяжы зь Беларусьсю, якая ў агулам складае 173 км.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG