Камэнтуючы справу расейскага апазыцыянэра, Белы дом абвясьціў, што гаворка ідзе пра чарговае — пасьля справы Сяргея Скрыпаля — ужываньне расейскай дзяржавай нэрвова-паралітычнага яду «Навічок» у парушэньне амэрыканскага закону аб забароне хімічнай зброі. Па гэтай прычыне ЗША ўводзяць два тыпу санкцый — сэктаральныя і пэрсанальныя.
Па-першае, ЗША забаранілі экспарт у Расею тавараў і тэхналёгій, зьвязаных з ядзернай і ракетнай прамысловасьцю, а таксама абмежавалі імпарт з Расеі некаторых відаў агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
Па-другое, ЗША ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс дзевяць асобаў і дзьве навуковыя арганізацыі з Расеі.
- Інстытут крыміналістыкі ФСБ: яго амэрыканскія ўлады лічаць галоўнай каардынацыйнай структурай у справе замаху на палітыка.
- Дзяржаўны навукова-дасьледчы выпрабавальны інстытут ваеннай мэдыцыны Міністэрства абароны: на думку амэрыканскіх уладаў, ён супрацоўнічае з 27-м навуковым цэнтрам і 33-м навукова-дасьледчым інстытутам, якія, у сваю чаргу, раней былі абвінавачаныя Штатамі ў распрацоўках хімічнай зброі ў Расеі.
- Уладзімір Багданаў, кіраўнік Цэнтру спэцыяльных тэхналёгій ФСБ.
- Аляксей Сядоў, кіраўнік Другой службы ФСБ, вядомай як Служба па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам.
- Станіслаў Макшакоў, супрацоўнік ФСБ, таксыколяг.
- Кірыл Васільеў, дырэктар Інстытуту крыміналістыкі.
- Канстанцін Кудраўцаў, супрацоўнік Інстытута крыміналістыкі: ён быў сярод тых, хто непасрэдна праводзіў апэрацыю атручваньня разам з апэратыўнікамі Аляксеем Аляксандравым і Іванам Осіпавым.
- Уладзімір Паняеў, супрацоўнік Інстытута крыміналістыкі.
- Артур Жыроў, экс-кіраўнік 27-га навуковага цэнтра, спэцыяліст па хімічнай зброі.
У заяве Міністэрства фінансаў падкрэсьліваецца, што амэрыканскія ўлады лічаць апэрацыю супраць Навальнага арганізаванай пры падтрымцы дзяржавы. Актывы названых асоб, разьмешчаныя на тэрыторыі ЗША, замарожваюцца, а ўсе ўзаемадзеяньні зь імі, у тым ліку праз амэрыканскую банкаўскую сыстэму, забараняюцца.
Раней у пятніцу аналягічныя санкцыі за атручваньне Навальнага ўвяла Вялікабрытанія.
У гэты ж дзень, 20 жніўня, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выдаў указ, які дазваляе Мінфіну блакаваць уласнасьць замежных асобаў, якія садзейнічаюць будаўніцтву «Паўночнага патоку — 2». Згодна з дакумэнтам, захады ўводзяцца ў сувязі з «у сувязі з незвычайнай і надзвычайнай пагрозай нацыянальнай бясьпекі, зьнешняй палітыцы і эканоміцы ЗША, створанай шкоднай зьнешняй палітыкай ураду Расеі».
Пад санкцыі на гэты раз трапілі кампанія «Константа», якая аказвае паслугі страхаваньня ў рамках праекта «Паўночнага патоку — 2», а таксама акцыянэрнае таварыства «Нобилити» і два яго актыву — караблі забесьпячэньня «Иван Сидоренко» і «Остап Шеремета», якія ўдзельнічаюць у пабудове трубаправоду.
У той жа час па-ранейшаму дзейнічае адмова ад увядзеньня мер супраць эўрапейскай кампаніі-апэратара «Паўночнага патоку — 2» Nord Stream 2 AG — ключавога прадпрыемства праекта, безь якога газаправод быў бы немагчымы.