Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post заклікала Байдэна не дапусьціць, каб рэжым Лукашэнкі атрымаў мільярд ад МВФ


Газэта Washington Post апублікавала рэдакцыйны камэнтар, які заклікае адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна прадухіліць выдзяленьне Беларусі сродкаў ад Міжнароднага валютнага фонду.

Сёлета МВФ плянуе разьмеркаваць паміж краінамі рэкордную суму 650 мільярдаў даляраў для аднаўленьня ад пандэміі. Сродкі выдзяляюцца ў адпаведнасьці з квотамі, якія залежаць ад памеру эканомікі. Як адзначае «Голас Амэрыкі», Беларусь мае атрымаць каля 1 мільярда даляраў. Гэта вельмі значная сума для краіны, міжнародныя рэзэрвы якой складаюць каля 7,4 мільярда даляраў.

Washington Post адзначае, што адміністрацыя ЗША справядліва наклала санкцыі на рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступнага жорсткага падаўленьня масавых пратэстаў. Таму немэтазгодна даваць краіне сродкі з рэзэрвовага фонду МВФ, піша выданьне.

«Адміністрацыя Байдэна павінна мабілізаваць эўрапейскіх і іншых саюзьнікаў, якія зьяўляюцца членамі МВФ, і запатрабаваць прыпыніць выдзяленьне сродкаў. Калі вылучыць гэтыя сродкі зараз, гэта аслабіць узьдзеяньне санкцый, — піша газэта. — Усім тым, хто хоча, каб у Беларусі перамагла дэмакратыя, варта прытармазіць гэтую памылковую выплату — і як мага хутчэй».

Раней з заклікам не даваць Лукашэнку сродкаў МВФ выступіў амэрыканскі кангрэсмэн-рэспубліканец Крыстафэр Сьміт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG