Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым цяпер займаюцца купалаўцы, якія год назад звольніліся на знак пратэсту


Купалаўцы перад будынкам тэатру 17 жніўня 2020 году
Купалаўцы перад будынкам тэатру 17 жніўня 2020 году

Год таму зь легендарнага Купалаўскага звольніліся амаль усе вядучыя акторы і мастацкія кіраўнікі — больш за 60 чалавек. Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. І маюць грандыёзныя пляны на будучыню.

17 жніўня 2020 году, літаральна за пару тыдняў да 100-годзьдзя Купалаўскага тэатру, быў звольнены генэральны дырэктар Павал Латушка — на загад прэм’ер-міністра.

Пасьля звальненьня Паўла Латушкі сышлі і больш за 60 супрацоўнікаў, сярод якіх народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Зоя Белахвосьцік, мастацкі кіраўнік і рэжысэр Мікалай Пінігін, загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Вольга Бабкова, вядучыя акторы і рэжысэры Павал Харланчук, Раман Падаляка і іншыя.

Купалаўцы выказваюць недавер міністру культуры Юрыю Бондару. 17 жніўня 2020 году
Купалаўцы выказваюць недавер міністру культуры Юрыю Бондару. 17 жніўня 2020 году

«Трупы тэатраў фармуюцца, выкрышталізоўваюцца дзесяцігодзьдзямі»

Пасьля масавых звальненьняў у тэатры засталіся ўсяго 12 актораў, сярод якіх — народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяньнікаў і Зінаіда Зубкова, заслужаная артыстка Тамара Міронава, зорка сэрыялаў Вольга Няфёдава, якую пазьней прызначылі мастацкім кіраўніком тэатру.

Тэатар доўга быў у прастоі, аднак зімой абвясьціў кастынг новых актораў. Амаль ніхто з мэтраў сцэны, нават з абласных тэатраў, на прапанову не спакусіўся, акрамя студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. У сакавіку наваствораная трупа паставіла «Паўлінку», якую цягам месяца паказалі 9 разоў, прымусова зганяючы на паказы працоўныя калектывы.

Лукашэнка сустракаецца з часткай калектыву тэатру, якая засталася. 19 лютага 2021 году
Лукашэнка сустракаецца з часткай калектыву тэатру, якая засталася. 19 лютага 2021 году

У лістападзе 2020 году народны артыст Беларусі Віктар Манаеў на пытаньне Свабоды, ці магчыма правесьці кастынг і хуценька набраць новую тэатральную трупу, шчыра і адкрыта зарагатаў.

«Няўжо і праўда нехта сур’ёзна гэта ўспрымае? Трупы тэатраў фармуюцца, выкрышталізоўваюцца дзесяцігодзьдзямі. Немагчыма набраць актораў у Нацыянальны тэатар за дзень-два. Нават за месяц-два. Гэта жывы працэс, які вядзецца пры жывой трупе. Дна няма. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта бяздоньне. А тэатар — як адбітак усяго, што адбываецца ў краіне», — выказаў думку Віктар Манаеў.

Ад легендарных «Тутэйшых» і «Паўлінкі» да неўміручага Брэхта

Ужо ўвосень 2020 году зьявілася незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы», у якую аб’ядналіся звольненыя акторы. Сцэны трупа ня мела, аднак праекты першага сэзону можна глядзець онлайн на youtube-канале «Купалаўцы».

Першай пастаноўкай «Купалаўцаў» сталі «Тутэйшыя».

«Тутэйшыя» ўпершыню пастаўленыя на сцэне Купалаўскага тэатру Мікалаем Пінігіным у 1990 годзе і з посьпехам ішлі да 2007 году. Ня так даўно вырашылі аднавіць спэктакль — пра гэта заявіў тагачасны генэральны дырэктар Павал Латушка, новая вэрсія ў пастаноўцы таго ж Мікалая Пінігіна чакалася ўвосень 2020 году. Таму незалежная трупа «Купалаўцы» пачала менавіта з «Тутэйшых». Паводле задумы рэжысэра, паводле купалаўскай п’есы здымаецца кіно.

Другім праектам стала «Войцех. Сцэны». У 2017 годзе на камэрнай сцэне ўжо ставілі п’есу Георга Бюхнэра пра гісторыю салдата і трансфармацыю ягонай асобы. У ролі салдата — Аляксандар Казела, над ім доктар ставіць сумнеўныя экспэрымэнты, а капітан зьдзекуецца зь яго. У выніку салдат і тыя, хто зь яго зьдзекуецца, мяняюцца месцамі, галоўны герой забівае блізкага чалавека і ня можа спыніцца. Гэта своеасаблівы спэктакль-перасьцярога.

Бел-чырвона-белы сьцяг на Купалаўскім тэатры 17 жніўня 2020 году
Бел-чырвона-белы сьцяг на Купалаўскім тэатры 17 жніўня 2020 году

Трэці праект — спэктакль «Я». У 2019 годзе на сцэне Купалаўскага быў пастаўлены спэктакль «Першы» — пра першыя падзеі, якія адбываюцца ў жыцьці людзей у дзіцячым садку і пачатковай школе. У новым сэзоне незалежная трупа робіць пастаноўку пад назвай «Я», у якой здымаецца моладзь: Раман Падаляка, Міхаіл Зуй, Крысьціна Дробыш, Валянціна Гарцуева.

Да Ўсясьветнага дня тэатру, 27 сакавіка, быў прымеркаваны паказ спэктакля «Страх» — па п’есе Бэртольда Брэхта «Страх і галеча ў Трэцяй імпэрыі». У 1930-х Брэхта пазбавілі нямецкага грамадзянства і вымусілі эміграваць. Але ўва ўсіх краінах, дзе пазьней жыў пісьменьнік, нацызм набліжаўся. Тэкст Брэхт пісаў у эміграцыі ў Даніі на падставе газэтных матэрыялаў і расказаў сьведак і ўключыў у п’есу 24 сцэны. «Купалаўцы» скарысталі 9 зь іх. У спэктаклі занятыя амаль усе акторы тэатру, у тым ліку і народны артыст Беларусі Віктар Манаеў.

Не маглі абмінуць купалаўцы і знакамітую «Паўлінку» — візытоўку тэатру. У якасьці вядоўцы выступае сам мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін. У спэктаклі занятыя зоркі Купалаўскага: Зоя Белахвосьцік, Віктар Манаеў, Ігар Сігоў, Алег Гарбуз.

Спэктакль «Гардэнія» паводле аднайменнай п’есы Эльжбеты Хаванец выйшаў 3 ліпеня. Паставіў спэктакль малады рэжысэр-купалавец Пётра Непагода.

«Купалаўцы LAB» — так называецца новы праект незалежнай тэатральнай групы, у рамках якога артысты паспрабуюць сябе ў новай якасьці. Чатыры жанчыны — Валянціна Гарцуева, Марта Голубева, Крысьціна Дробыш, Антаніна Дубатоўка — чытаюць п’есу. «Экспэрымэнты, імёны, спробы, удачы і падзеньні — усё, што мы хацелі зрабіць, але баяліся паспрабаваць», — такі анонс новай лябараторыі даюць творцы.

Завяршылі свой 101-ы тэатральны сэзон купалаўцы праектам «Я гавару», у якім выканалі песьні на вершы вядомых сучасных паэтаў Віталя Рыжкова, Анатоля Івашчанкі, Вальжыны Морт, Насты Кудасавай, Глеба Лабадзенкі ды іншых.

«Пра пляны на будучыню гаварыць пакуль небясьпечна»

«Наперадзе ў „Купалаўцаў“ шмат плянаў, пра якія пакуль казаць заўчасна і небясьпечна. У праектах стараемся заняць істотную частку трупы: і моладзь, і народных артыстаў», — кажа мастацкі кіраўнік Раман Падаляка.

Сотні менчукоў прыйшлі падтрымаць купалаўцаў год таму
Сотні менчукоў прыйшлі падтрымаць купалаўцаў год таму

Некаторыя акторы казалі на ўмовах ананімнасьці, што спрабавалі ўладкавацца ў іншыя тэатры, але існуе негалосная забарона прымаць на працу былых актораў Купалаўскага.

Лёсы актораў склаліся па-рознаму. Хтосьці знайшоў сябе ў новым тэатры ў іншай краіне. Так, купалавец Іван Трус зімой дэбютаваў на сцэне санкт-пецярбурскага Александрынскага тэатру. І ўжо выканаў некалькі роляў (пракурора ў спэктаклі «Суд над Раскольнікавым», Іпаліта Кісьлякова ў п’есе «Таварыш Кісьлякоў») на сцэне знакамітай Александрынкі.

Хтосьці здымаецца ў расейскіх ці ўкраінскіх сэрыялах. Хтосьці эміграваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG