Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пасьля заняцьця Кабулу талібамі заклікаў Байдэна пайсьці ў адстаўку


Талібы ў Кабуле, 16 жніўня 2021 г.
Талібы ў Кабуле, 16 жніўня 2021 г.

Пасьля заняцьця талібамі сталіцы Аўганістану Кабулу былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў свайго пераемніка Джо Байдэна пайсьці ў адстаўку.

Пра гэта паведамляе DW.

«Байдэну надышоў час з ганьбай сысьці праз тое, што ён дапусьціў у Афганістане», — сказаў ён у нядзелю, 15 жніўня, у Вашынгтоне. Трамп таксама скрытыкаваў палітыку дзейнага прэзыдэнта ЗША ў галінах іміграцыі, эканомікі і энэргетыкі.

Трамп ужо ня раз крытыкаваў пляны Байдэна, якія тычацца вываду войскаў ЗША з Афганістану, сьцьвярджаючы, што ён вывеў бы войскі «зусім інакш і нашмат больш пасьпяхова».

У сваёй заяве 15 жніўня экс-прэзыдэнт ЗША напісаў: «Тое, што Джо Байдэн нарабіў у Афганістане, — неверагодна» і «ўвойдзе ў гісторыю як адна з найбуйнейшых паразаў амэрыканцаў».

Пры адміністрацыі Трампа ЗША ў 2018 годзе пачалі прамыя перамовы з талібамі ў сталіцы Катару Досе. У лютым 2020 году бакі заключылі пагадненьне аб тэрмінах вываду амэрыканскіх войскаў з Афганістану. Вывад войскаў ня раз адкладаўся і пачаўся толькі пры Байдэну ў траўні бягучага году.

Рэспубліканцы крытыкуюць «правальны» вывад войскаў

Талібы, пасьля дзесяцідзённага пераможнага маршу па Афганістане, 15 жніўня дасягнулі межаў Кабулу. Урад Афганістану выказаў гатоўнасьць перадаць ім уладу, а прэзыдэнт краіны Ашраф Гані ўцёк за мяжу.

Лідэры Рэспубліканскай партыі ЗША скрытыкавалі прэзыдэнта Байдэна за «правальны» вывад войскаў з Афганістану. «Правальны вывад войскаў і сумбурная эвакуацыя амэрыканцаў і іх памочнікаў сталі ганебнай няўдачай амэрыканскага кіраўніцтва», — заявіў лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце ЗША Мітч Макконэл 15 жніўня. На яго думку, у ЗША была магчымасьць «прадухіліць гэтую катастрофу».

Рэспубліканка Ліз Чэйні сказала, што цяперашняя сытуацыя ў Афганістане — ілюстрацыя таго, што адбываецца, калі Амэрыка ўхіляецца ад рашэньня сусьветных праблемаў. Яна мяркуе, што саюзьнікі ЗША цяпер будуць задавацца пытаньнем, ці могуць яны ўвогуле спадзявацца на амэрыканцаў.

Са свайго боку, сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм выказаў думку, што вяртаньне тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіда» ў Афганістан — цяпер толькі пытаньне часу.

«Мы бачылі, што гэтыя сілы ня ў стане абараняць краіну, і гэта адбылося хутчэй, чым мы чакалі», — канстатаваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, камэнтуючы дзеяньні афганскіх вайскоўцаў.

Толькі 8 ліпеня прэзыдэнт ЗША Байдэн заяўляў, што імавернасьць усталяваньня талібамі кантролю над усёй тэрыторыяй Афганістану «вельмі невялікая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG