Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народныя санкцыі. Як беларусы спрабуюць пакінуць рэжым бяз грошай і наколькі гэта працуе


Беларусы пратэстуюць ня толькі на вуліцах: за год зьявілася некалькі іншых спосабаў ціснуць на рэжым знутры. Адзін зь іх — «пратэст кашальком». Людзі спрабавалі пазьбягаць аплаты камунальных паслуг, здымаць уклады з банкаў і байкатаваць зьвязаныя з уладамі кампаніі.

Мэта ўсяго гэтага — забраць грошы ў рэжыму, каб той ня змог плаціць сілавікам і душыць пратэсты. «Дубінкі не працуюць бясплатна», — казаў палітык і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў адным з сваіх відэа.

Не плаціць за камунальныя паслугі

У чым ідэя? Усе камунальныя службы ў Беларусі дзяржаўныя, калі перастаць ім плаціць, грошы не дастануцца уладам. «Ні ў кога няма гарантый, куды пойдуць вашыя грошы ад аплаты камунальных паслуг. Так што прыйшоў час паказаць ЖКГ, хто тут гаспадар», — гаварылася ў адной з публікацый з заклікам адмовіцца ад аплаты.

Спрацавала? Заклікі ігнараваць плацяжы не засталіся незаўважанымі. У некаторых раёнах Менску яшчэ ў жніўні летась зьявіліся аб’явы ад мясцовых ЖКГ з тлумачэньнем аб тым, што грошы за камунальныя паслугі ідуць на рахункі тых, хто паслугі прапануе (УП «Менсководокнал», УП «Менгаз», ЖКГ, РУП «Менскэнэрга» і т. д.), а не кудысьці яшчэ.

Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы таксама не прайшлі міма тэмы і выпускалі сюжэты пра «дэструктыўныя заклікі», пераконваючы гледачоў, што грамадзяне на іх не паддаліся.

На 1 лістапада 2020 году пратэрміноўка па камунальных плацяжах была ў 10% жыхароў Менску, агульная сума запазычанасьці — амаль 9 млн беларускіх рублёў ($ 3,5 млн). У лютым 2021 году міністар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміў, што прыкладна кожны дзесяты асабісты рахунак у краіне завінаваціўся з аплатай камуналкі.

У кастрычніку-сьнежні 2020 году колькасьць пратэрмінаваных асабовых рахункаў даходзіла да 470-490 тысяч, на 1 студзеня 2021-га іх было крыху больш за 400 тысяч. Але нічога страшнага чыноўнік у гэтым ня ўбачыў: па яго словах, 70% даўжнікоў мелі запазычанасьць ня больш чым за тры месяцы.

Прыкладна ў гэты ж час у інтэрнэт трапіла плацежнае паведамленьне, аформленае на імя Ірыны Карпянковай, жонкі былога начальніка ГУБАЗіКа, а цяпер намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. Рахунак выстаўлены за люты 2021 году, у ім запазычанасьць у аплаце — больш за 10 тысяч рублёў (каля $ 4 тысяч): 2,6 тысячы рублёў — запазычанасьць за мінулы пэрыяд, а 7,2 тысячы — пеня на 28 лютага. У сацсетках адразу сталі жартаваць, што Карпянкоў далучыўся да ініцыятывы не плаціць камуналку і пакінуць сілавікоў бяз грошай.

Заклік не аплачваць ЖКГ-паслугі зьявіўся ў першыя дні пратэстаў летам 2020 году, але неўзабаве пра яго сталі забываць. Акрамя таго, былі вядомыя выпадкі, калі ваду і электрычнасьць адключалі ўжо пасьля двух неаплачаных месяцаў.

Не захоўваць грошы ў банках, адклікаць ўклады

У чым ідэя? Калі не захоўваць грошы ў банках, улады ня змогуць іх адняць. Акрамя таго, гэта ўскладніць працу ўсёй сыстэмы. «Празь некалькі месяцаў прыйдзе дэвальвацыя. Зьявяцца абмежаваньні на валютныя апэрацыі, на зьняцьце дэпазытаў, або рэжым папросту пачне рабаваць нашы рахункі. Цяпер уся іх надзея — толькі на нашыя грошы», — гаворыць Павал Латушка.

Спрацавала? Падобна на тое, што так. Сапраўды, беларусы актыўна забіраюць грошы з банкаўскіх укладаў. Толькі ў жніўні 2020 году грамадзяне зьнялі са сваіх рублёвых дэпазытаў 975,4 млн рублёў (каля $ 388 млн у эквіваленце), а з валютных укладаў — $ 624,3 млн. Па дадзеных Нацбанку, на 1 сакавіка 2021 году адток дасягнуў $ 1,75 млрд за год, а аб’ём валютных зьберажэньняў фізычных асоб на пачатак сакавіка сёлета склаў $ 5,83 млрд.

За сем месяцаў 2021 году, згодна са статыстычнай справаздачай Нацбанку, беларусы забралі з банкаў валютныя ўклады на $ 717,5 млн.

Адток укладаў — рэальная пагроза эканоміцы, лічыць Нацбанк. Гэта стварае падвышаны ціск на ліквіднасьць банкаў. Такая сытуацыя абмяжоўвае магчымасці банкаў у крэдытнай падтрымцы эканомікі. Гэта «стрэсавыя ўмовы», у якіх беларуская эканоміка жыве ўжо больш за год.

Актыўна купляць валюту

У чым ідэя? Калі не захоўваць грошы ў беларускіх рублях, гэта пагоршыць становішча рубля, расхістае эканоміку і нашкодзіць уладам. «У рублях трымаем толькі неабходны для жыцьця мінімум», — прапануюць прыхільнікі гэтай меры.

Спрацавала? Часткова. Па статыстыцы, беларусы сапраўды купляюць больш валюты, чым прадаюць. За першую палову 2021 году купля валюты перавысіла продаж на $ 410,7 млн.

Але на курс беларускага рубля да замежных валют гэта пакуль не паўплывала.

Значна больш сур’ёзная сытуацыя была ў жніўні 2020 году. Тады людзі зьнялі з дэпазытаў больш $ 4 млрд — курс даляра да беларускага рубля рэзка пайшоў угору. У той момант ўлады прынялі спэцыяльныя меры: увялі абмежаваньні на даваньне ліквіднасці банкам. Гэты крок сур’ёзна паўплываў на рынак крэдытаў і ўскладніў работу бізнэсу, але дазволіў утрымаць курс беларускага рубля: ужо амаль год ён не мяняецца.

Байкатаваць кампаніі — «кашалькі Лукашэнкі»

У Беларусі ёсьць бізнэсоўцы, посьпех якіх зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам і яго інтарэсамі. Прэзыдэнцкімі ўказамі ім дастаюцца элітныя землі для будоўляў, а таксама дапамога ў працы — аж да манапольных умоў. Ці атрымліваюць нешта ўлады наўзамен, невядома, але ў прэсе такія бізнэсы называюць «кашалькамі Лукашэнкі».

Зарабляе і само Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта: у яго структуру ўваходзіць 79 арганізацый, сярод якіх ёсьць крамы, гатэлі, агракомплексы, фабрыкі і будтрэст.

У чым ідэя? Людзей заклікалі не карыстацца паслугамі гэтых кампаній, каб не прыносіць прыбытак рэжыму. У сацсетках распаўсюджваліся сьпісы вытворцаў прадуктаў, адзеньня, сеткавых крамаў, рэстаранаў і санаторыяў. Зьявіўся дадатак Krama, які па штрыхкодах тавару паказвае, ці зьвязаны вытворца зь дзейнымі ўладамі.

Атрымалася? Складана сказаць. Пакуль ніводзін з «кашалькоў» не закрыўся, большасьць бізнэсаў у сьпісе не публікуюць сваіх фінансавых вынікаў. Ніжэй — некалькі прыкладаў кампаній, якія падзяліліся лічбамі.

  • «Савушкін прадукт» — вытворца малочных прадуктаў, уваходзіць у групу кампаній «Санта», якую ўзначальвае блізкі да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандр Машэнскі. Па выніках 2020 году кампанія адсправаздачылася пра рост усіх асноўных паказчыкаў: большымі сталі выручка, прыбытак і сабекошт рэалізаванай прадукцыі. Падобная сытуацыя і зь сеткай крамаў «Санта»: яе выручка за 2020 год вырасла на 77%.
  • «Энэрга-Ойл» — былая кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Прадпрымальнік стаў фігурантам чорнага сьпісу Эўразьвязу з прычыны магчымых сувязяў з Лукашэнкам, адначасова з гэтым Алексін перапісаў ключавыя актывы на сыноў. Пасьля ўказу Лукашэнкі «Энэрга-Ойл» стала афіцыйным і адзіным імпартэрам сыстэм награваньня тытуню IQOS у Беларусь. Па дадзеных Philip Morris, вытворцы гэтых сыстэм, іх продажу за апошні год ішлі ўгору. «Мы дасягнулі амаль 7% продажаў у Менску ў другім квартале», — гаварылася ў справаздачы кампаніі. Праўда, у ліпені сам вытворца вырашыў перапыніць працу з «Энэрга-Ойл» і больш не прадаваць у Беларусі IQOS.
  • «МТС Беларусь» — аператар сувязі, 51% яго акцый належыць дзяржаве, 49% — расейскай групе кампаній МТС. У сацсетках разам са сьпісамі «праўладных» кампаній беларусы публікавалі заклікі пераходзіць да іншых апэратараў. Паводле афіцыйных справаздач, адток абанэнтаў атрымаўся нязначным, а абанэнцкая база МТС у 2020-м і пачатку 2021 гадоў «захавала стабільнасьць»: не паменшылася і ня вырасла.

Скараціць спажыванне алькаголю і тытуню

У чым ідэя? Пазбавіць бюджэт важнай крыніцы даходу — акцызаў. Алкагольныя напоі і тытунь абкладаюцца ў Беларусі дадатковым акцызных зборам, а значыць, прыносяць асабліва шмат грошай у бюджэт. Напрыклад, бутэлька гарэлкі ў Беларусі ў сярэднім каштуе 8,5 рубля (3,4 даляра), зь іх 1,7 рубля (68 цэнтаў) — падатак на дададзеную вартасьць і яшчэ 1,06 рубля (42 цэнты) — акцыз. Акцызы складаюць 7-8% ад усіх даходаў у бюджэт.

«Калі можаце „завязаць“ да перамогі зусім — супэр», — гаворыцца ў адным з паведамленьняў з заклікам цалкам адмовіцца ад шкодных звычак.

Атрымалася? Часткова. Спажываньне алькаголю ў Беларусі і праўда скарацілася, але ў маштабах краіны не радыкальна. Па афіцыйных дадзеных, за першыя паўгода 2021-га беларусы набылі на 1-2% менш піва, віна і гарэлкі, чым за такі ж пэрыяд год таму. Пры гэтым самі лічбы застаюцца вялікімі: за 6 месяцаў у краіне купілі звыш 84 мільёнаў бутэлек адной толькі гарэлкі — прыкладна па 9 на кожнага жыхара краіны. Беларусь ня раз была ў пачатку рэйтынгу самых «пітушчых» краін сьвету.

Статыстыку продажу цыгарэт беларускія ўлады не публікуюць, затое актыўна ловяць і садзяць на вялікія тэрміны за намер «пашкодзіць ці спаліць тытунёвыя кіёскі» — тыя самыя «Табакеркі», якія належаць бізнэсоўцу Аляксею Алексіну.

Здымаць грошы з картак, не плаціць безнаяўнымі

У чым ідэя? Разьлічвацца гатоўкай, каб банкі не маглі адняць грошы з картак або распараджацца імі.

«Аплачваем тавары і паслугі гатоўкай, бяз чэка, „міма касы“. Выкарыстоўвайце дошкі аб’яваў, пакупкі „з рук“. Калі мы будзем самі выбіраць і кантраляваць тых, хто разьмяркоўвае нашы падаткі, тады і станем іх плаціць», — пісалі прыхільнікі гэтай ідэі.

Атрымалася? Хутчэй не. Па дадзеных Нацбанку, доля безнаяўных апэрацый пастаянна расьце на працягу апошніх 10 гадоў. У 2020 і 2021 гадах яна працягвае расьці (хоць і троху больш павольна, чым раней). Цяпер па безнаяўным разьліку праводзяць 91,4% усіх аплатных апэрацый у Беларусі.

Што ж адбываецца зь беларускай эканомікай?

Усё складана. З аднаго боку, нават сур’ёзныя санкцыі з боку заходніх краін не паўплывалі на курс беларускага рубля. Дзякуючы захадам Нацбанку, курс беларускага рубля апошні год практычна не зьмяняецца.

Пры гэтым гадавая інфляцыя разагналася да 9,9%, рэальныя зарплаты «замерлі», а рэальныя пэнсіі і зусім падаюць шэсьць месяцаў запар. На частку тавараў накшталт каўбасы і ячных крупаў улады забаранілі падымаць цэны ў крамах. У той жа час цэны на іншыя тавары растуць (некаторыя з пачатку году падаражэлі ў тры разы). Нацбанк кажа пра «няпэўнасьць чаканьняў эканамічных агентаў» і аб «інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканьнях» людзей.

«Тыя, хто баяўся рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля ці таго, што замарозяць ўклады ў банках, могуць выдыхнуць. Гэтыя рызыкі цяпер ззаду. Больш верагодна, што мы будзем назіраць павольную стагнацыю і зьніжэньне ўсіх эканамічных паказчыкаў», — кажа экспэрт аб цяперашняй сытуацыі ў эканоміцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG