Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы падпісаў закон аб рэстытуцыі маёмасьці, канфіскаванай пасьля вайны. Ізраіль адклікаў пасла з Варшавы


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, нягледзячы на жорсткую крытыку з боку Ізраілю і ЗША, у суботу падпісаў закон, які фактычна блякуе рэстытуцыю маёмасьці, канфіскаванай пасьля Другой сусьветнай вайны.

Закон вызначае 30-гадовы тэрмін даўнасьці для судовых прэтэнзіяў па нерухомасьці, канфіскаванай камуністычным рэжымам пасьля вайны. Многія з іх зьвязаныя з некалі шматлікай польскай габрэйскай супольнасьцю.

Паколькі большая частка маёмасьці была канфіскаваная ў пасьляваенныя камуністычныя часы, закон фактычна перакрые шлях шматлікім магчымым прэтэнзіям.

Дуда заявіў польскаму інфармацыйнаму агенцтву ПАП, што спадзяецца, што новы закон пакладзе канец «эры прававога хаосу» і «мафіі рэпрыватызацыі».

Прыхільнікі закону сьцьвярджаюць, што ён забясьпечыць большую яснасьць у правах уласнасьці і ліквідуе пастаянную праблему карупцыі і махлярскіх юрыдычных прэтэнзій праз выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў.

Пасьля таго, як польскі парлямэнт на гэтым тыдні ўхваліў новы закон, міністар замежных справаў Ізраіля Яір Лапід і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заклікалі Дуду не падпісваць яго.

Міністар Лапід ужо выклікаў ізраільскага амбасадара ў Варшаве ў Ізраіль для правядзеньня кансультацый на неабмежаваны час. Лапід дадаў, што ізраільскі МЗС таксама парэкамэндуе амбасадару Польшчы ў Ізраілі працягнуць адпачынак на радзіме. Ён падкрэсьліў, што Ізраіль вядзе перамовы з ЗША пра магчымую рэакцыю на прыняцьце закону аб рэстытуцыі.

Лапід заявіў, што закон «падрывае як памяць пра Галакост, так і правы яго ахвяр».

«Я буду працягваць выступаць супраць любой спробы перапісаць гісторыю і прапагандаваць саступкі, зробленыя за кошт правоў Галакосту, габрэйскага народу або ахвяр Галакосту», — адзначыў ён.

Блінкен сказаў, што ён «вельмі занепакоены», і заклікаў Польшчу прыняць комплексны закон аб кампэнсацыі канфіскаванай маёмасьці, як гэта зрабілі іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

Аднак прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча ня будзе «плаціць за нямецкія злачынствы».

  • Падчас Другой сусьветнай вайны загінула 6 мільёнаў грамадзянаў Польшчы, палова зь іх габрэі.
  • Пасьля вайны камуністычны рэжым нацыяналізаваў значную частку нерухомасьці. Значная частка ўладальнікаў гэтай нерухомасьці раней была забітая або ўцякла з краіны.
  • Нягледзячы на тое, што закон датычыць як былых уласьнікаў нерухомасьці і іх нашчадкаў — як габрэяў, гэтак і негабрэяў, актывісты кажуць, што габрэі пацярпяць ад закону непрапарцыйна моцна, паколькі многія зь іх падалі свае прээнзіі пасьля вайны занадта позна.

«Польшча, вядома, не нясе адказнасьці за тое, што нацысцкая Нямеччына зрабіла падчас Галакосту. Аднак ... Польшча па-ранейшаму карыстаецца гэтай незаконна здабытай маёмасьцю», — гаворыцца ў заяве Сусьветнай арганізацыі габрэйскай рэстытуцыі (WJRO).

Паводле арганізацыі, «вяртаньне нерухомасьці — гэта больш, чым грошы — для многіх людзей, якія перажылі Галакост, і іх сем’яў дом уяўляе сабой апошнюю фізычную сувязь з жыцьцём, якім яны калісьці жылі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG