Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніца дзяржсакратара ЗША заклікае Лукашэнку «неадкладна спыніць» паток мігрантаў у Літву


Намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман 13 жніўня пагаварыла зь міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам
Намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман 13 жніўня пагаварыла зь міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам

Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман згадала сытуацыю зь мігрантамі ўздоўж мяжы Літвы зь Беларусьсю падчас тэлефоннай размовы 13 жніўня зь міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам, паведамляе Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Паводле Шэрман, Аляксандар Лукашэнка мусіць «неадкладна спыніць кампанію па арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў празь яго мяжу».

Прадстаўніца Дзярждэпартаменту таксама чарговы раз выказала падтрымку ЗША беларускаму дэмакратычнаму руху, многія прадстаўнікі якога знайшлі прытулак у Літве.

13 жніўня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў указ, які прадбачае накіраваньне да мяжы вайскоўцаў для супрацьдзеяння далейшым выпадкам нелегальнай міграцыі.

Наўседа падпісаў указ аб пашырэньні паўнамоцтваў вайскоўцаў у памежнай зоне на патрабаваньне парлямэнту, паведамляе Baltic News Service.

Гэтае рашэньне дазваляе вайскоўцам спыняцца і абшукваць людзей і транспартныя сродкі, а таксама выкарыстоўваць неўдакладненае «спэцыяльнае абсталяваньне».

Вільня вінаваціць рэжым Лукашэнкі ў правакаваньні міграцыйнага крызісу. Там кажуць, што такім чынам Менск вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы, якая дала прытулак колішняй кандыдатцы ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай.

Менск адкідае абвінавачаньні ў арганізацыі незаконнай міграцыі. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок гатовы прымаць турыстаў з усходніх краін з эканамічных прычынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG