Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ: «Рэжым Лукашэнкі і надалей будзе несьці адказнасьць за свае дзеяньні»


АБСЭ
АБСЭ

Кортні Острыен распавяла пра далейшае ўзмацненьне санкцыйнага ціску на Лукашэнку і яго атачэньне.

Такія заявы часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кортні Острыен зрабіла выступаючы на пасяджэньні Пастаяннай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

«Рэжым несправядліва ўтрымлівае больш за 600 палітычных зьняволеных. У спробе прымусіць замаўчаць жыцьцёва важныя незалежныя галасы ўлады правялі ператрусы, зачынілі дзьверы і вылучылі палітычна матываваныя абвінавачаньні ў адрас СМІ і НДА», — заявіла Острыен у прамове, прысьвечанай гадавіне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яна падкрэсьліла, што беларускія ўлады ўсё часьцей запалохваюць і перасьледуюць беларусаў за мяжой, прывёўшы ў якасьці прыкладаў прымусовую пасадку рэйсу Ryanair 4978 з мэтай арышту беларускага незалежнага журналіста Рамана Пратасевіча, спробы запалохаць Літву і іншыя суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу з дапамогай арганізаванага патоку нелегальных мігрантаў на сумежныя тэрыторыі, а таксама спробу прымусова адправіць на радзіму спартоўку Крысьціну Ціманоўскую.

«Гэтыя транснацыянальныя рэпрэсіі адлюстроўваюць абуральнае ігнараваньне міжнародных нормаў. Транснацыянальныя рэпрэсіі недапушчальныя і павінны быць спыненыя. Рэжым Лукашэнкі і надалей будзе несьці адказнасьць за свае нядобрасумленныя дзеяньні», — заявіла часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ.

Санкцыі, на думку Острыен, «дэманструюць рашучасьць заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за парушэньні правоў чалавека, карупцыю і атакі на дэмакратыю.

Яна адзначыла, што Злучаныя Штаты яшчэ раз заклікаюць афіцыйны Менск спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі, СМІ, спартоўцаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых грамадзян і неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Яна зноў заклікала Лукашэнку прыняць прапанову АБСЭ аб садзейнічаньні нацыянальнаму дыялёгу, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраньнем.

9 жніўня ЗША пашырылі санкцыі супраць Беларусі: у новым санкцыйным сьпісе больш за 20 фізычных асобаў, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Сьледчы камітэт, кампаніі і прадпрыемствы, у тым ліку «Беларуськалій».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG