Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне выявіла датычнасьць афіцыйнага Менску да мігрантаў у Літве


Усталяваньне загароды на літоўска-беларускай мяжы. Ліпень 2021
Усталяваньне загароды на літоўска-беларускай мяжы. Ліпень 2021

Да міграцыйнага крызісу ў Літве датычныя беларускія ўлады. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні цэнтру «Досье» Міхаіла Хадаркоўскага і нямецкага выданьня Der Spiegel.

Расьсьледнікі сьцьвярджаюць, што перавоз пераважна грамадзянаў Іраку да беларуска-літоўскай мяжы ажыцьцяўляла турыстычная фірма «Цэнтркурорт». Яна ўваходзіць у структуру кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі.

Аўтары расьсьледаваньня мяркуюць, што Менск вырашыў выкарыстоўваць мігрантаў для шантажу эўрапейскіх краін, у адказ на санкцыі ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў. Калі вясной 2021 году колькасьць уцекачоў, якія трапляюць у Эўразьвяз зь беларускага боку, лічылася дзясяткамі, то да лета паток вырас да 100 чалавек за дзень, сказана ў публікацыі.

Журналісты таксама зьвяртаюць увагу, што з траўня пачала рэзка расьці колькасьць рэгулярных рэйсаў з Багдаду ў Менск. Перавозкамі займаліся авіякампаніі Iraqi Airways і Fly Baghdad.

З апублікаваных фатакопіяў дакумэнтаў вынікае, што «Цэнтркурорт» заключыў дамову зь беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскатур», якою кіруе Салах Мухэймэн Аль-Асадзі. Паводле дамовы, кампаніі павінны займацца разьвіцьцём міжнароднага турызму паміж Рэспублікай Беларусь і арабскімі краінамі.

Расьсьледнікі адзначаюць, што неўзабаве «Оскатур» пачаў складаць справаздачы перад «Цэнтркурортам» аб кантактах з авіякампаніяй Fly Baghdad. Празь некалькі тыдняў пасьля гэтага авіяперавозьнік пачаў лётаць у Менск.

Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што фірма «Оскатур» прасіла «Цэнтркурорт» дапамагчы з атрыманьнем візаў для некалькіх дзясяткаў грамадзян Іраку, хоць візавымі пытаньнямі займаецца МЗС, а не кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.

Der Spiegel са спасылкай на былога супрацоўніка «Цэнтркурорту» піша, што кампанія дапамагла зь візамі сотням грамадзян Іраку. Сама кампанія ў размове зь нямецкім выданьнем паведаміла, што з запрашэньнямі для грамадзянаў Іраку і іншых краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі не працуе.

Вільня абвінавачвае ў правакаваньні міграцыйнага крызісу рэжым Лукашэнкі. Сьцьвярджаецца, што Менск вядзе такім чынам гібрыдную вайну супраць Літвы, якая дала прытулак былому кандыдату на пасаду беларускага прэзыдэнта Сьвятлане Ціханоўскай. Менск абвінавачаньні ў арганізацыі нелегальнай міграцыі адхіляе. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок гатовы прымаць турыстаў з усходніх краін з эканамічных меркаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG