Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь лягеру мігрантаў у Аліцкім раёне Літвы праз падкоп пад плотам уцяклі 32 чалавекі


Мігранты ў адным зь лягераў у Літве
Мігранты ў адным зь лягераў у Літве

Ноччу з былой школы ў Верабеях (Verebiejai, Аліцкі раён) праз падкоп пад плотам уцяклі 32 або 34 мігранты (двух чалавек паліцыя раніцай затрымала недалёка ад Жувінцкага рэзэрвату).

Паводле папярэдніх дадзеных, уцекачы — грамадзяне Іраку. Інфармацыя яшчэ ўдакладняецца. Першым пра гэта паведаміў партал lrt.lt.

МУС Літвы пацьвердзіла гэтую інфармацыю — уцяклі 32 мігранты, дваіх затрымалі. Іншых актыўна шукаюць. У паветра паднялі верталёт памежнай службы EC-120 Colibri.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі мэрыі Аліцкага раёну Віргіліюс Пранскявічус сказаў парталу Delfi, што мігранты зрабілі падкоп пад плотам. Тэрыторыю ахоўваюць вайскоўцы і супрацоўнікі Службы публічнай бясьпекі, вядзецца відэаназіраньне.

Паводле прадстаўніка муніцыпалітэту, мяркуюць, што ўцекачы пакінулі лягер у пэрыяд ад поўначы да 5 гадзіны раніцы, скарыстаўшыся тым, што ахоўнікі стаяць па кутах пэрымэтру.

«Зроблены падкоп пад плотам, потым паўзком праз луг, там вулачка, месца стаянкі для машын. Мабыць, адтуль накіраваліся ў бок вёскі Кракопаль (Krokialaukis), бо там відэакамэра аднаго жыхара зафіксавала групу людзей. Мы мяркуем, што пойдуць да чыгункі, а ўздоўж яе ў Лазьдзеі (Lazdijai), або Кальварыю (Kalvarija), а там у Польшчу. Але гэта толькі здагадка, нічога дакладна мы яшчэ ня ведаем, бо ад муніцыпалітэту хаваюць інфармацыю», — сказаў Пранскявічус.

Ім пра зьбеглых мігрантаў не паведамлялі. Зрэшты, само зьнікненьне больш як 30 з 167 нелегалаў заўважылі толькі дзякуючы работнікам муніцыпалітэту.

«У нас дзейнічае парадак — талёны на харчаваньне выдаюцца кожнаму жыхару, вось і засталося шмат лішніх. Спачатку мы падумалі, можа, проста ня ўсе прыйшлі есьці, часам спазьняліся мігранты. І толькі раніцай нас паінфармавала паліцыя, што дваіх затрымалі каля рэзэрвату, тады пачалі пералічваць. Разумееце, гэта наогул ня наша справа — мы толькі арганізуем харчаваньне, кантроль — адказнасьць памежнікаў», — сказаў Delfi Пранскявічус.

Ён сказаў, што затрыманых у Жувінтах мігрантаў раней ня бачыў. Магчыма, яны нават не зь Верабеяў.

167 нелегалаў у Верабеях ахоўваюць на 4 пастах. Адначасова дзяжураць 12 ахоўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG