Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 13 жніўня: 4 гады «хіміі» за запалохваньне прапагандыста і абразу расейцаў

абноўлена

Belarus - Trial on a case of Uladz Kazakevich accused on attack with a chain saw in the trade center and murder, Minsk, 20Feb2016
Belarus - Trial on a case of Uladz Kazakevich accused on attack with a chain saw in the trade center and murder, Minsk, 20Feb2016

У Беларусі працягваюць выносіць выракі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў пратэстаў. Свабода адсочвае судовыя працэсы.

Прысуд за пагрозы жыцьцю і русафобію

Менскі гарадзкі суд асудзіў 48-гадовага менчука Сьвятаслава Лепешава на 4 гады «хіміі» за пагрозу забойствам расейскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу (арт. 186 КК) і распальваньне нацыянальнай варожасьці ў адносінах да расейцаў (арт. 130 КК), піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

14 верасьня Лепешаў убачыў нумар тэлефону Прыдыбайлы ў «Чорнай кнізе Беларусі», патэлефанаваў яму і сказаў: «Табе п*ц». Падчас суду стала вядома, што ў мэтах бясьпекі прапагандыста тады перавезьлі ў амбасаду Расеі ў Менску. Пацярпелы Прыдыбайла прыехаў у суд у дзень спрэчак, заявіў грамадзянскі пазоў у выглядзе 3000 рублёў за «маральныя пакуты».

Сьледчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай», дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як «добры маскаль — мёртвы маскаль». За гэта супраць Лепешава распачалі другую крымінальную справу, ужо за «распальваньне нацыянальнай варожасьці». Справу разглядаў судзьдзя Пётра Арлоў, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівала Маргарыта Курыловіч.

Лепешаў — выкладчык гурткоў экалёгіі і інфармацыйных тэхналёгій у рэлігійнай арганізацыі «Дабрачынная місія Добрага Самараніна пад апекай Сьвятой Уршулі Ледухоўскай». Яму выбралі меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе. Сваю віну ён прызнаў часткова, сказаўшы, што, пагражаючы Прыдыбайлу ўвечары, на раніцу ўжо забыўся пра гэта.

Перапіску, якая стала падставай для другой крымінальнай справы, знайшлі ў тэлефоне Лепешава супрацоўнікі ГУБАЗіК. Там таксама былі выказваньні «рускія — рабаўнікі і забойцы», «мой любімы фрукт для вас, маскалёў, — ядзерны фугас» і пажаданьне «Хай вас залье дождж, ватных пачвар».

Судзьдзя спытаў, чаму мужчына такі агрэсіўны ў перапісках, бо размовы там пачынаюцца нэўтральна і міралюбна. Лепешаў патлумачыў, што ён у той час разводзіўся з жонкай, «вельмі моцна злаваўся і перажываў, а яна падтрымлівала анэксію Крыму».

З пратаколу допыту Прыдыбайлы падчас сьледзтва вынікае, што пасьля апублікаваньня ягоных асабістых зьвестак у «Чорнай кнізе Беларусі» яму паступіла больш за сто званкоў і паведамленьняў з пагрозамі і абразамі, у тым ліку пагрозамі забойства, фізычнай расправы.

«Хатняя хімія» за абразу бабруйскага міліцыянта

У судзе Ленінскага раёну сталіцы разглядзелі крымінальную справу ў дачыненьні Дзьмітрыя Сарагаўца, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаны 14 траўня 2020 году пакінуў камэнтар пад фатаздымкам начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку Бабруйску Сяргея Рудзько, зьмешчаным у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» на старонцы Вольгі Карач, наступнага зьместу: «Вылюдкаў трэба ведаць у .... Тварам гэта назваць язык не паварочваецца».

13 жніўня судзьдзя Юлія Шут палічыла віну Дзьмітрыя Сарагаўца даказанай і асудзіла яго да «хатняй хіміі» тэрмінам на 2 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG