Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыку Міколу Статкевічу 65 гадоў. Зь іх 8 у ён правёў турмах


Мікола Статкевіч выступае на перадвыбарчым мітынгу ля Камароўскага рынку, незадоўга да арышту. Менск, 24 траўня 2020 году.
Мікола Статкевіч выступае на перадвыбарчым мітынгу ля Камароўскага рынку, незадоўга да арышту. Менск, 24 траўня 2020 году.

12 жніўня свой 65-гадовы юбілей адзначае беларускі палітык Мікола Статкевіч. Гэта другі дзень народзінаў запар, які сустракае за кратамі. Агулам у зьняволеньні ён правёў 8 гадоў.

Мікола Статкевіч нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітную ракетную вучэльню, спэцыяліст у галіне кіраваньня. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.

Лідэр БЗВ і сацыял-дэмакратаў

У пачатку 1990-х Мікола Статкевіч стаяў ля вытокаў «Беларускага знуртаваньня вайскоўцаў», у гадавіну Аршанскай бітвы 8 верасьня 1992 году быў сярод афіцэраў, якія прынялі прысягу вернасьці беларускаму народу ў Менску на плошчы Незалежнасьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Шматгадовы лідэр сацыял-дэмакратычнага руху. Цягам 1995–2004 гадоў узначальваў БСДП (Народная Грамада), пакуль у партыі не адбыўся раскол. Неўзабаве заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада): 25 лістапада 2007-га прайшла першая сэсія ўстаноўчага зьезду партыі, на якой Міколу Статкевіча выбралі старшынёй аргкамітэту. У 2018 годзе зноў перавыбралі кіраўніком аргкамітэту БСДП (Народная Грамада).

Першы вырак: 3 гады «хіміі»

Шматгадовы лідэр беларускай апазыцыі Мікола Статкевіч неаднаразова адбываў пакараньне — як на адміністрацыйных сутках, так і працяглыя тэрміны зьняволеньня.

У 2005 годзе Міколу Стакевіча асуділі на 3 гады абмежаваньня волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004-га ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч у Курапатах. 2019 год.
Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч у Курапатах. 2019 год.

Адбываў пакараньне ў Баранавічах і вёсцы Блонь. Па амністыі 1 год з прызначанага тэрміну яму скасавалі.

Другі вырак: 6 гадоў калёніі

У 2010-м Мікола Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты — выбарная кампанія для яго скончылася толькі праз 5 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады).

Адразу пасьля Плошчы-2010 палітыка затрымалі як аднаго з арганізатараў «масавых беспарадкаў». У траўні 2011-га яму прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Мікола Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні, аднак выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі.

Мікалай Статкевіч на волі пасьля 5 год турмы. Жнівень 2015 году.
Мікалай Статкевіч на волі пасьля 5 год турмы. Жнівень 2015 году.

З таго часу яго ня раз затрымлівалі, у 2017 годзе ён быў зьмешчаны ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.

У 2011 годзе, адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.

Перасьлед у 2020-м

Летась 31 траўня Міколу Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля менскага Камароўскага рынку. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж.

Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342.

Чарговы вырак чакаецца ў канцы жніўня

Пачынаючы з 23 чэрвеня, Міколу Статкевіча судзяць закрытым працэсам у гомельскім СІЗА-3 разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым і Ўладзімерам Цыгановічам. Усіх абвінавачваюць у «арганізацыі беспарадкаў у пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў».

Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — Дзьмітры Папоў (ня бачны за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч.
Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — Дзьмітры Папоў (ня бачны за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч.

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, абураецца, што судовая сыстэма дасягнула свайго дна — праз падпіску аб невыдаваньні адвакаты ня могуць расказваць родным хоць якія дэталі таго, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма.

Стан мужа яна змагла ацаніць толькі па відэа аўтаркі газэты «Беларусь сегодня». Але нават гэтага было дастаткова, кажа яна, каб пераканацца, наколькі пагардліва ставіцца Мікола Статкевіч да фарсу: хоць не было каго вітаць, сустрэў судзьдзю і канваіраў воклічам «Жыве Беларусь!».

Падчас спатканьня з жонкай перад працэсам Мікола Статкевіч сказаў, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у судовых паседжаньнях, бо лічыць справу цалкам сфальсыфікаванай. Адпаведную заяву накіраваў яшчэ да пачатку суду.

«Улады чарговы раз паказалі, што людзей судзяць за перакананьні, за намеры дамагацца мірных пераменаў у Беларусі, — казала Марына Адамовіч. — На гэта сьведчыць закрытасьць працэсу, бо навошта ўтойваюць прозьвішча судзьдзі, пракурора? Усё зроблена для таго, каб пазьбегнуць адказнасьці ў далейшым».

Паводле праваабаронцаў, вырак у справе «арганізацыі беспарадкаў» чакаецца ў канцы жніўня.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG