Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь мяне не выкарыстоўвае. Гэта я выкарыстоўваю Беларусь». Што кажуць мігранты, якія трапілі ў Літву паводле пляну Лукашэнкі


«Як толькі я перасек мяжу, я зразумеў, што я ў бясьпецы». Як Літва перажывае наплыў мігрантаў і навошта яны едуць у краіну
«Як толькі я перасек мяжу, я зразумеў, што я ў бясьпецы». Як Літва перажывае наплыў мігрантаў і навошта яны едуць у краіну

Вясной у Літве пачаўся міграцыйны крызіс. У краіну сотнямі прыяжджаюць жыхары краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі, і ўсе — празь Беларусь. А што кажуць самі мігранты?

Прыёмны пункт для мігрантаў на палігоне Руднікі (Rūdninkai) арганізаваны вайскоўцамі, але больш падобны да намётавага лягеру. Ваду прывозіць Чырвоны Крыж. Уцекачы грэюць яе ў бляшанках на самаробным вогнішчы. Людзі незадаволеныя ўмовамі жыцьця ў часовых пунктах на мяжы і баяцца дэпартацыі.

«Мне дрэнна. Нам усім тут дрэнна. Тут ня добра. Мы хочам зьменаў, мы спадзяёмся атрымаць дапамогу, нам патрэбная дапамога», — паўтарае мігрант з Іраку Хабіб.

З пачатку году на літоўска-беларускай мяжы былі затрыманыя больш за 4 тысячы незаконных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. У канцы траўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго краіна служыла бар’ерам на шляху перакіданьня нелегальных мігрантаў і наркотыкаў у суседнюю дзяржаву, і дадаў: «Цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць».

6 жніўня адміністрацыя цывільнай авіяцыі Іраку абвясьціла аб прыпыненьні ўсіх пасажырскіх рэйсаў у Менск на нявызначаны тэрмін. Улады Літвы абвясьцілі, што гатовыя выплачваць па 300 эўра кожнаму мігранту, згоднаму вярнуцца на радзіму.

«Ірак для мяне небясьпечны, — кажа Хабіб. — Для ўсіх, ня толькі для мяне. Для ўсіх небясьпечны, таму ўсе з Іраку едуць сюды».

Тыдзень таму ў лягеры пачаліся хваляваньні. Людзі патрабавалі зьмякчыць суровыя парадкі ўтрыманьня і адпусьціць іх на волю. 8 жніўня стала вядома, што з Руднікаў уцяклі сем чалавек.

У ліпені на фоне ўзмацненьня патоку мігрантаў зь беларуска-літоўскай мяжы кіраўніца літоўскага МУС Агне Білатайце заявіла, што Лукашэнка выкарыстоўвае незаконных мігрантаў для вядзеньня гібрыднай вайны зь Літвой.

«Беларусь мяне не выкарыстоўвае, — кажа 22-гадовы мігрант з Іраку Тамар Хейдар. — Мяне не хвалюе Беларусь. Мне ўсё роўна, што там здарылася, ок? Тое, чым я цяпер заняты, — гэта маё жыцьцё, а не жыцьцё беларусаў, так. Разумееце, што я маю на ўвазе? Усе гэтыя людзі тут, яны пайшлі на гэта, каб зрабіць сваё жыцьцё лепшым, а не таму, што Беларусь выкарыстоўвае кагосьці. Я выкарыстоўваю Беларусь, я магу так сказаць. Гэта самыя правільныя словы» .

Лягер для ўцекачоў у сяле Відзянянцы (Vydeniai) арганізавалі ў будынку школы. Ложкі стаяць у пустых клясах. Людзі сьпяць на раскладанках амаль усутыч адзін да аднаго. Паўзьверх ложкаў — спальныя мяшкі і падушкі. Тым, каму не хапіла месца ў клясе, даводзіцца спаць у калідорах. Тут сушацца і памытыя рэчы.

Аману Мэхары 16 гадоў. Ён прыехаў да межаў Літвы празь Беларусь з Эрытрэі. «Мы пачулі ў навінах, што Лукашэнка выступіў па тэлевізары і сказаў, што ня будзе абараняць межы, — кажа Аман. — Спачатку мы не паверылі, але потым было відэа, на якім нейкія людзі перасякалі мяжу. Калі мы ўбачылі, што дзьверы адчыненыя, я сказаў сабе, што трэба ехаць».

Вайскоўцы майструюць загароды на беларуска-літоўскай мяжы
Вайскоўцы майструюць загароды на беларуска-літоўскай мяжы

Паводле Амана, жыцьцё ў падвешаным стане «вельмі стрэсавае». Скідаць напружаньне падлетак ходзіць у школьную спартзалю, дзе можна пагуляць у баскетбол. Іншых заняткаў ва ўцекачоў у лягеры няма.

«Мы пераходзілі мяжу ўчатырох, — расказвае самаліец Аман. — Людзі прыехалі з розных краін. Я прыехаў з Самалі, яшчэ адзін хлопец прыехаў з Конга або зь Емэну. Мы ўсе вельмі розныя. Толькі гаворым па-ангельску. Вось чаму мы ўсе перасекліся тут».

«Як толькі я перасек мяжу, я зразумеў, што я ў бясьпецы, — тлумачыць мігрант з Камэруну. — Я ведаў, што тут, у Літве, я ў бясьпецы. Гэта ўсё, што было ў мяне ў галаве... Мне давялося правесьці каля васьмі гадзін у лесе. У адзіноце. Ноччу. Я не баяўся, бо ведаў, што са мной Бог».

З 3 жніўня літоўскія памежнікі пачалі вяртаць у Беларусь мігрантаў, якія незаконна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце дазволіла памежнікам выкарыстоўваць у дачыненьні да незаконных мігрантаў мэтады «псыхалягічнага і фізычнага прымусу». 10 жніўня ўрад накіраваў у Сойм новы праект закону аб узьвядзеньні плота на мяжы зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG