Суд над былым кіроўцам РАУС
Пачаўся суд над 51-гадовым жыхаром Жлобіна Ўладзімерам Жуком, якога лічаць арганізатарам масавых беспарадкаў у горадзе. Раней Жук працаваў у міліцыі. Справу разглядае судзьдзя Галіна Гулевіч. Бок дзяржабвінавачаньня падтрымлівае пракурор Раманчыкаў, піша «Вясна».
Уладзімер Жук — пэнсіянэр, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 году за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту.
Цяпер мужчыну трымаюць у Сьветлагорскім ІЧУ. Падчас судовага паседжаньня з залі суду выдалілі сястру абвінавачанага за тое, што яна прашаптала брату: «Пайшоў на плошчу падтрымаць...»
Жука вінавацяць у тым, што ён быў арганізатарам і ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году: «стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту, аказваў супраціў, а таксама ўжыў гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня».
Жук патлумачыў суду, што зьявіўся на плошчы ў 0:12 – 0:15, калі рух ужо быў перакрыты і крамы зачыненыя, таму ён нікому не перашкаджаў сваімі дзеяньнямі. Ужываў сьпіртное толькі ў 14 гадзін таго ж дня, таму ня быў на плошчы п’яным, ніякай агрэсіі не выказваў. Прыйшоў, бо яго абурылі «80 нарысаваных працэнтаў на выбарах прэзыдэнта».
Калі міліцыя пачала ціснуць на счэпку, нехта з супрацоўнікаў моцна ўдарыў Уладзімера па галаве, пакінуўшы там рану. Яго амаль першым завезлі ў РАУС, але пасьля выпусьцілі праз тое, што быў паранены: у шпіталі яму накладалі швы. Мужчына настойваў, што хістаўся ў РАУС з прычыны разьбітай галавы. Таксама ён ня памятае, каб яму прапаноўвалі прайсьці тэст на алькаголь у крыві, хаця ў пратаколе пазначана, што ён адмовіўся яго праходзіць.
Жук не прызнае віну. Ён пагадзіўся толькі з тым, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытаньне, ці мог ён сысьці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму «было б сорамна як мужыку», насамрэч ён нікога не баяўся.
На працэс зьявіліся ня ўсе сьведкі: адвакат і пракурор настойвалі на прымусовым прывадзе некаторых. Адзін са сьведкаў сказаў, што Жук быў п’яны і біў па шчыце, але ня памятаў, у якой пазыцыі знаходзіўся шчыт, бо «гэта было даўно».
Сьведка-лекар расказаў, што Жук выглядаў прыстойна, быў цьвярозым, але знаходзіўся ў шоку, бо яго пабілі былыя калегі.
Разгляд справы працягнецца 18 жніўня а 10:00.