«На дадзены момант складана ацаніць ступень наступстваў ад уведзеных санкцый. Але адназначна можна сказаць: яны прывядуць да росту цэнаў на калій і зьніжэньня яго даступнасьці на сусьветным рынку», — пракамэнтавалі Інтэрфаксу ў «Беларускай калійнай кампаніі» ўведзеныя 9 жніўня санкцыйныя абмежаваньні з боку ЗША.
У офісе кампаніі падкрэсьліваюць, што прыкладуць максымум намаганьняў для выкананьня абавязаньняў перад пакупнікамі калійных угнаеньняў.
«Мы дэталёва вывучаем прынятыя рашэньні. БКК прыкладзе ўсе намаганьні для выкананьня сваіх абавязаньняў перад партнэрамі ў рамках дзейнага прававога поля», — адзначылі ў прэс-службе.
9 жніўня ЗША абвясьцілі аб увядзеньні санкцый у дачыненьні да «Беларуськалію», шэрагу кампаній і бізнэсоўцаў у сувязі з палітычнай сытуацыяй у краіне.
Санкцыі супраць «Беларуськалію» ўведзеныя на той падставе, што адзін з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў калійных угнаеньняў стаў «крыніцай незаконнага багацьця для рэжыму».
Міністэрства фінансаў ЗША выдала ліцэнзію на ажыцьцяўленьне ўгодаў, неабходных для згортваньня супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» — на гэта адведзена 4 месяцы. Па заканчэньні гэтага тэрміну амэрыканцам будзе забаронена весьці справы з кампаніяй, яе актывы ў ЗША будуць заблякаваныя.
Прадугледжана забарона на заключэньне новых кантрактаў на куплю прадукцыі ў прадпрыемства.