Увечары 10 жніўня ў Менску сілавікі правялі затрыманьне хлопца, які ўскладаў кветкі на станцыі мэтро «Пушкінская» каля месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага.
Хлопец быў у чырвона-белай майцы.
Як паведамляюць чытачы «Белсату», хлопец пачапіў кветкі на слуп. Затым да яго падышлі двое, вярнулі яго да слупа, зь якога зьнялі кветкі і аддалі яму. Затым падышоў трэці супрацоўнік, які адвёў затрыманага ў падземны пераход.
Жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі загінуў падчас пасьлявыбарных пратэстаў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская» ўвечары 10 жніўня. Праз год пасьля забойства вінаватыя ў ягонай сьмерці застаюцца невядомымі і беспакаранымі. Пры гэтым імя забітага стала вядомае толькі праз два дні пасьля гібелі.
Пахавалі Тарайкоўскага на Заходніх могілках сталіцы. Стыхійны мэмарыял на месцы яго сьмерці неаднаразова зьнішчалі камунальныя службы. Надпісы «Не забудзем» на ходніках засыпалі сольлю. Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу.
- Максім Паўлюшчык (26 гадоў), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
- Ігар Самусенка (25), Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
- Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».
Нягледзячы на гэта, кветкі на месцы гібелі першай ахвяры супрацьстаяньня пэрыядычна зьяўляюцца і праз год пасьля гібелі Тарайкоўскага.