Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера на «НВ»: Жаночы пратэст і андэрграўндныя паэты: прэм’ера двух беларускіх фільмаў


Год таму дзявятага жніўня пачаліся выбары прэзыдэнта Беларусі, якія абярнуліся масавымі пратэстамі, а затым — гэткімі ж масавымі рэпрэсіямі ў краіне. На вуліцы пачалі выходзіць нязгодныя з вынікамі ЦВК, а міліцыя пачала здушваць пратэстоўцаў. Тысячы актывістаў былі затрыманыя, больш за 500 атрымалі крымінальныя справы, мноства людзей пакінулі Беларусь.

У гадавіну пачатку пратэстаў на «Настоящем времени» пройдзе прэм’ера двух фільмаў беларускіх дакумэнталістаў.

Зь меркаваньняў бясьпекі герояў гэтыя фільмы ня будуць даступныя на сайце. Убачыць іх можна толькі ў жывым этэры ў 22.00 менскага часу.

«Радзіма — яна мая»

Кадр зь фільму «Радзіма - яна мая»
Кадр зь фільму «Радзіма - яна мая»

Назва фільма невыпадкова адсылае да ўроку мовы ў пачатковай школе. Займеньнікі «ён мой» / «яна мая» выкарыстоўваюць для таго, каб вызначыць мужчынскі або жаночы род назоўніка. Радзіма — жаночага роду, адна з галоўных гераіняў фільму — школьная настаўніца, затрыманая падчас пратэстаў 2020 году. Яна і яе сяброўкі, жанчыны перадпэнсійнага і пэнсійнага ўзросту, расказваюць пра тое, чаму выйшлі на вуліцу і не змаглі застацца ў баку. Дзьве іншыя гераіні — маладыя мастачкі з пакаленьня тых, хто нарадзіўся ў перабудову. У аб’ектыве камэры жанчыны розных узростаў — маці, дочкі і бабулі. Усе яны выйшлі на мірны пратэст з кветкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Гісторыі гэтых жанчын змантаваныя з кадрамі дакумэнтальнай хронікі жаночага пратэсту, некаторыя зь іх шакуюць і выклікаюць адчуваньне фізычнага болю, іншыя ўзрушальна лірычныя і духаўздымныя. Камэра фіксуе сьляды зьбіцьця на тварах пратэстоўцаў, толькі што выпушчаных з ізалятару. У нейкі момант у кадр трапляе пухнаты вулічны кот, які падлашчваецца да ног адной з жанчын, якая дзяжурыць ля сьцен турмы. У іншым эпізодзе пажылая жанчына дорыць маленькай дзяўчынцы беларускі сьцяг, зьвязаны кручком. А ў фінале мы бачым жывыя і няўпэўненыя вочы юнага амапаўца ў балаклаве. У гэтых кадрах надзея, якую так рэдка перадаюць навінныя зводкі і сухая хроніка падзеяў у Беларусі.

Кадр зь фільму «Радзіма - яна мая»
Кадр зь фільму «Радзіма - яна мая»

«Вершы з балота» (Рэжысэр Дзьмітры Дзядок)

Кадр зь фільму «Вершы з балота»
Кадр зь фільму «Вершы з балота»

Рэжысэр Дзьмітры Дзядок здымае андэрграўднае кіно ад сярэдзіны 2010-х гадоў. Яго цікавяць людзі на ўзбочыне культуры, маргіналы, бамжы, бандыты, былыя зьняволеныя. Так адзін з герояў «Вершаў з балота» ўжо раней зьяўляўся ў яго поўнамэтражнай карціне «Паміж небам і зямлёй». Гэта паэт Пеця, які многія гады правёў за кратамі псыхіятрычнага шпіталя для злачынцаў. Герой іншай кароткамэтражкі «Дзіма» — злодзей-рэцыдывіст з уласным уяўленьнем аб праўдзе і справядлівасьці.

Героямі кароткамэтражнага дакумэнтальнага фільму «Вершы з балота» сталі андэрграўндныя паэты і паэткі, якія зачытваюць уласныя вершы на камэру. Сярод іх тыя, каго не сустрэнеш на тыповым паэтычным вечары. Напрыклад, шавец Коля, якога рэжысэр апісвае так: «Мікалай заўсёды быў лідэрам. У шостай клясе ён першы пачаў піць віно, чаму навучыў яго дзядзька Вова, а Коля, у сваю чаргу, перадаў веды таварышам у клясе. Пасьля ён тры гады быў вакалістам рок-гурту „Летающая жопа“, якая не дала ніводнага канцэрту» (цытата з Фэйсбуку рэжысэра).

Кадр зь фільму «Вершы з балота»
Кадр зь фільму «Вершы з балота»

Першая частка фільму зьнятая да, другая — пасьля 9 жніўня 2020 году. Як зьмяніліся вершы пасьля пратэстаў, ці можа паэт застацца ў баку ад палітыкі? «Вершы з балота» ў авангарднай форме адказваюць на гэтае фундамэнтальнае пытаньне. Адна з гераіняў чытае верш, у якім ідэнтыфікуе сябе з тонкім дрэвам. У наступным кадры паэт, у чорнай балаклаве і міліцэйскай форме, ломіць маладую бярозку, абвязаную белымі і чырвонымі стужкамі. Затым у кадры зьяўляюцца нацысты, якія зьбіваюць сялянскага паэта, а ў фінале субтыльны юнак выконвае самую пранізьлівую песьню з рэпэртуару поп-ідала 90-х Шуры. У новым кантэксьце знаёмыя радкі: «Руки твои сильные — ты защити слабого. Мысли твои верные — ты научи глупого» — гучаць як сапраўдны гімн пратэсту супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG