Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук са знакамітага фота расказаў, як у іхнай счэпцы 9 жніўня апынуўся амапавец


Мянчук Максім у счэпцы з амапаўцам падчас пасьлявыбарчага пратэсту каля стэлы ў Менску ўвечары 9 жніўня 2020 году
Мянчук Максім у счэпцы з амапаўцам падчас пасьлявыбарчага пратэсту каля стэлы ў Менску ўвечары 9 жніўня 2020 году

Здымак Agence France-Presse, на якім мянчук Максім (мы не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы) стаіць у счэпцы з амапаўцам увечары 9 жніўня 2020 году, абляцеў сусьветныя СМІ. Свабода даведалася ў Максіма, чым скончыўся той драматычны вечар для яго і тых, хто быў зь ім у счэпцы.

«Мы выбралі прэзыдэнта, за якога прагаласавала большасьць!»

«Пасьля 9 жніўня, калі зьявіўся інтэрнэт, я прачнуўся „зоркай“. Той здымак надрукавалі ўсе магчымыя СМІ», — расказвае Свабодзе Максім. — Жыў у Менску, меў з татам будаўнічы бізнэс — дзьве крамы. З гэтага і жылі.

Я быў апалітычны, хоць унутры пагарджаў рэжымам і ягоным існаваньнем у XXI стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы. Я шмат дзе быў — у ЗША, Кітаі, эўрапейскіх краінах — і разумеў, якім можа быць жыцьцё. Ну ня мусіць яно быць такім, як у нас! З такімі коштамі, стаўленьнем да людзей і паміж імі, і самае галоўнае — з такім «кіраўніком дзяржавы».

І вось здарыліся выбары 9 жніўня. Захапляльныя выбары! Мы выбралі прэзыдэнта, за якога прагаласавала большасьць! За Ціханоўскую, натуральна. Я гэта ведаў са шматлікіх крыніц. У мяне шмат сяброў па ўсёй Беларусі, у тым ліку і тых, хто блізкі да выбарчых участкаў. Гэта было крута — Ціханоўская абганяла ўсіх кандыдатаў зь вялікім адрывам! І мы выйшлі сьвяткаваць. Я нарадзіўся пры Лукашэнку і за свае гады ня бачыў іншага прэзыдэнта. А тут нарэшце — перамены. Але, відаць, у Лукашэнкі была свая думка наконт гэтага. І ў ягонага войска».

«У той счэпцы быў я, мой тата, ягоная жонка і амапавец»

«Мы выйшлі на сьвята. Але яно ператварылася ў пратэст. Гэты здымак быў зроблены позна вечарам 9 жніўня. Мы сьвяткавалі перамогу. І тут выпаўзьлі гэтыя „чорныя тараканы“. Я гуляў тады каля Палаца спорту — як звычайна на працягу многіх гадоў. І тут — выбухі, сьвятлашумавыя гранаты. І „чорныя“ пачалі біць людзей. Я такога ніколі ў жыцьці ня бачыў. Да гэтага зь людзей ніхто ня быў падрыхтаваны. Ніякіх сур’ёзных сутычак не было. „Красаўцы“ проста зьбівалі бяззбройных людзей.

Што тычыцца гэтага здымку — на ім у счэпцы я, мой тата, ягоная жонка і амапавец. Ён спачатку хацеў мяне затрымаць, але я правёў зь ім пераканаўчую размову — і ён перадумаў. Нешта, відаць, у ім шчоўкнула. Але празь некалькі хвілін пасьля здымку пачалася „куча-мала“, чарговае сутыкненьне, і я згубіў яго з поля зроку. Ня ведаю, што зь ім было далей. Проста перад намі стаяла потым хмара „чорных“ у шаломах. Мы падыходзілі да іх, падымалі шаломы ім, нешта крычалі... 80% зь іх стаялі і не разумелі, што адбываецца. Апроч таго, што ім далі загад біць людзей.

Але сярод іх былі „унікумы“, якія актыўна і з задавальненьнем, не чакаючы нават загаду, махалі дубінкамі. Такія рэальна зьвяры. Было відаць, што гэта ім у асалоду».

Максім разам з бацькам і ягонай жонкай перад шыхтамі сілавікоў.
Максім разам з бацькам і ягонай жонкай перад шыхтамі сілавікоў.

«І тапталіся па мне, па нырках „прылятала“»

«Мяне хапалі шматкроць. Але я нікуды не сыходзіў, стаяў перад імі з усьмешкай. Я нават падумаў тады: калі давядзецца загінуць, то загіну. Я стаяў на месцы, а натоўп прабягаў паўзь мяне. І „чорныя“ ішлі паўзь мяне. Ну, раз-пораз дубінкай стукнуць.

На той момант я яшчэ думаў, што гэта міліцыя. Пазьней перастаў так думаць. Мяне спрабавалі хапаць, валілі на зямлю, спрабавалі скруціць, але не маглі — пакуль я сам не паддаўся. Потым паднялі мяне, адвялі і параілі ісьці дахаты. Я сказаў, што нікуды не пайду. Бо выйшаў за сваю краіну. Шмат тады мне „прылятала“ — то патопчуцца па мне, то па нырках адхвачу.

Мая жонка таксама была побач, дапамагала аказваць першую дапамогу — яна мэдсястра. Тата адбіваў мяне ад „чорных“. Але, на дзіва, ні мяне, ні тату не ўзялі. Часам я сам вырываўся, часам тата мяне вырываў. І так было і назаўтра, і на пасьлязаўтра. Я ня спаў тады ніводнай ночы. Днём — працаваў, ноччу — пратэставаў. У нейкі момант я цалкам згубіўся ў часе. Калі „далі інтэрнэт“, то я прачнуўся ад тысячы тэлефанаваньняў — усё праз той здымак. Але я не хацеў такой славы».

«У першыя дні пратэстаў я адчуваў, што нас 97%. Цяпер ня ведаю»

«У пэўны момант, нагледзеўшыся, што робяць зь людзьмі „чорныя“, я прыйшоў да высновы, што гэта ня людзі. Раптам я выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што людзям весела. Бо аўтазакі езьдзілі і нікога не хапалі. Я дзесяць гадзін глядзеў розныя відэа, дзе гэтыя „чорныя“ проста забівалі людзей, катавалі іх, і мне не было ані весела, ані клясна. Два тыдні мы зь сябрамі чакалі, што будзе нарэшце рэалізавана справядлівасьць. Але...

У мяне прыкметная зьнешнасьць. Аднойчы я бачыў, як у будынак, дзе месьціцца і наш офіс, уляцелі „чорныя“ і выцягнулі хлопца з дрэдамі, падобнага да мяне. Відаць, яны шукалі мяне. Тым больш — столькі ўжо маіх здымкаў было ў інтэрнэце.

Максім на акцыі пратэсту ў Лёндане. Травень 2021.
Максім на акцыі пратэсту ў Лёндане. Травень 2021.

У мяне была на той момант адкрытая віза ў Вялікую Брытанію. Я вырашыў зьехаць. Бо тут бясьпечна. Гэта пытаньне нумар адзін. Я падаўся тут на палітычны прытулак. Цяпер чакаю разгляду.

Для Беларусі я нічога зрабіць не магу. Без „начных гулянак“, як было ў першыя дні пратэстаў — немагчыма нешта зрабіць... У першыя дні пратэстаў я рэальна адчуваў, што нас 97%. Цяпер ня ведаю.

Я не лічу, што дапамогуць санкцыі ці яшчэ што. Для сьвету ёсьць больш небясьпечныя краіны, чым Беларусь. Напрыклад, Паўночная Карэя. І нават з гэтай краінай нічога не адбываецца.

У Беларусі і пры дыктатуры многія адчуваюць сябе добра. Здымаць красоўкі, каб стаць на лаўку пры пратэсьце? Адзін раз гэта прышпільна, а потым...

Я ніколі ня быў радыкалам. Але чаму Лукашэнка мусіць сысьці? Толькі таму, што яму крычаць „Сыходзь!“?

Калі я зьехаў, то пачалі шукаць бацьку, чапляцца, спрабавалі затрымаць. Давялося ўцякаць і яму. Цяпер мы разам тут. Пра вяртаньне пакуль не гаворым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG