Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША сёньня ўвядуць новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі


Злучаныя Штаты ў панядзелак увядуць новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якога абвінавачваюць у рэпрэсіях супраць апанэнтаў, паведаміў агенцтву AFP прадстаўнік Белага дому. Гаворка ідзе пра сэктаральныя санкцыі, а таксама санкцыі супраць «кашалькоў» рэжыму.

Паведамляецца, што прэзыдэнт Джо Байдэн падпіша выканаўчы дэкрэт, скіраваны супраць Лукашэнкі, у сувязі з «рэпрэсіямі супраць дэмакратычных памкненьняў і правоў чалавека беларускага народу, транснацыянальнымі рэпрэсіямі... і карупцыяй».

Санкцыі, якія будуць уведзеныя Міністэрствам фінансаў ЗША ў панядзелак, будуць прымеркаваныя да гадавіны выбараў, якія амэрыканскі чыноўнік ахарактарызаваў як сфальшаваныя.

«Ад таго часу рэжым толькі яшчэ больш узмацніў свае рэпрэсіі, у тым ліку пагражаючы бясьпецы алімпійскай спартоўкі па-за межамі сваёй краіны», — сказаў амэрыканскі чыноўнік.

«Сёньняшнім актам прэзыдэнт Байдэн выконвае сваё абяцаньне прыцягнуць да адказнасьці беларускі рэжым за яго злоўжываньні».

Новыя санкцыі накіраваныя на асноўныя інстытуты і прыхільнікаў Лукашэнкі, у тым ліку на Беларускі нацыянальны алімпійскі камітэт, кіраўнікоў прадпрыемстваў і кампаній, такіх як прыватны беларускі банк.

У сьпісе таксама — ААТ «Беларуськалій», адно з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі і адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў калійнай солі. Мяркуецца, што гэта крыніца незаконнага ўзбагачэньня рэжыму.

ЗША абвінавацілі Нацыянальны алімпійскі камітэт у спрыяньні адмываньню грошай, ухіленьню ад санкцый і абыходу візавых санкцый.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG