Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 9 жніўня: 5 гадоў «хатняй хіміі» сябру Каардынацыйнай рады


Віталь Крыўко
Віталь Крыўко

У Беларусі і праз год пасьля актыўных пратэстаў супраць кіраваньня Лукашэнкі не спыняецца вынясеньне жорсткіх прысудаў у крымінальных справах супраць пратэстоўцаў.

5 гадоў «хатняй хіміі» сябру Каардынацыйнай рады Крыўко

Віталя Крыўко затрымалі 30 чэрвеня 2021 году. Яго судзілі за «ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». У рамках выстаўленага абвінавачаньня Віталь ужо правёў пад вартай 2,5 месяца з 28 жніўня па 12 лістапада 2020 году.

Суд прыгаварыў яго да 5 гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў 2000 базавых велічынь (58 000 рублёў).

Віталь Крыўко — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, бізнэсовец, арганізатар унутрыкарпаратыўных мерапрыемстваў. Падчас перадвыбарчай кампаніі прадпрымальнік займаўся зборам подпісаў у падтрымку Віктара Бабарыкі. Пазьней Віталь ладзіў перадвыбарчыя паездкі па гарадах аб’яднанага штабу.

2 гады калёніі за абразы: Абвешчаны прысуд берасьцейскаму палітвязьню

Як паведамляе берасьцейскае адзьдзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна», у кобрынскім судзе завяршыўся суд над палітвязьнем Віталём Зарадзеем. Дзяржабвінавачаньне прадстаўляў Аляксандр Шыкавецкі, працэс вёў судзьдзя Вадзім Здановіч.​

Сярод «зьняважаных і абражаных» палітвязьнем аказаліся дзясяткі берасьцейскіх судзьдзяў і Аляксандр Лукашэнка. Сам факт «публічных» (з пункту гледжаньня абвінавачваньня) абраз адбываўся такім чынам: Віталь Зардзей падаваў у канцылярыі судоў пазоўныя заявы, дзе дапускаў «негатыўную ацэнку» (з пункту гледжаньня экспэртыз) у дачыненьні да судзьдзяў і Лукашэнкі.

Такім чынам пацярпелымі па справе сталі судзьдзі: Аляксей Карагода, Пётар Баброўскі, Тацяна Пракапчук, Анастасія Бразінская, Андрэй Грушко, Алена Кавальчук і Алена Карпава (ніхто зь іх на судовым працэсе не прысутнічаў).

Самі абразы на судзе агучаны не былі, гэтую частку пасяджэньня зрабілі закрытай. Зарадзей, які знаходзіцца пад вартай з 29 сакавіка, сваю віну не прызнаў.

Тры гады «хіміі» за «актыўныя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак»

Суд Першамайскага раёну Менску вынес рашэньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да Аляксандра Емельяновіча, якога вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак за падзеі 1 лістапада 2020 году. Мужчына сваю віну не прызнаў, але судзьдзя Анастасія Кулік палічыла яе даказанай і прызначыла Аляксандру тры гады «хіміі», піша«Вясна».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG