Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сярэдняе ахвяраваньне — 30 эўра». 20 пытаньняў і адказаў пра сэрвіс «еЗдоровье» для падтрымкі рэпрэсаваных мэдыкаў і зручнасьці пацыентаў


Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Віцебску. Жнівень 2020-га.
Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Віцебску. Жнівень 2020-га.

Заснавальнік «Голасу» Павал Лібер расказаў, як ужо больш за месяц працуе сэрвіс мэдычных онлайн-кансультацыяў «еЗдоровье», які накіраваны на падтрыманьне лекараў, пацярпелых ад рэпрэсіяў у Беларусі, і дае пацыентам магчымасьць зручных, ананімных і бясьпечных дыстанцыйных кансультацыяў у дактароў.

Глядзіце размову цалкам на відэа

Які асноўны прынцып працы плятформы «еЗдоровье»?

Павал Лібер
Павал Лібер

— Плятформа онлайн-кансультацыяў зь лекарамі найперш мае на мэце дапамагаць дактарам, якія пацярпелі праз свае палітычныя погляды — былі вымушаныя выехаць за мяжу, страцілі працу. Гэтыя дактары могуць даваць дыстанцыйныя кансультацыі праз інтэрнэт. Уся сыстэма пабудаваная на прынцыпе ўзаемадапамогі. Няма абавязковай платы за кансультацыю. Мы запрашаем людзей ахвяраваць грошы ў Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці. Фонд падбірае лекараў, вывучае іхныя прафэсійныя якасьці, водгукі на іх працу, мэдычныя дакумэнты. А чалавек праз сайт у рэжыме чату ці званка (доктар вызначае, як лепей) можа пагаварыць з лекарам, атрымаць мэдычную кансультацыю. Калі трэба, можна заладаваць адпаведныя дакумэнты, каб доктар мог іх вывучыць.

Што такое ўнівэрсальная мэдычная карта?

— Пацыент на плятформе мае «асабісты кабінэт», дзе зьмяшчаюцца ўсе яго мэдычныя заключэньні, гісторыя. У нас зьявілася яшчэ адна карысная рэч — унівэрсальная мэдычная карта. Пацыент можа ўнесьці ўсю патрэбную інфармацыю пра свой стан здароўя — алергіі, хранічныя хваробы, і гэта будзе бачыць лекар. Ёсьць аўтаматычны пераклад гэтай інфармацыі на 110 моваў сьвету, калі пацыент знаходзіцца ў іншай краіне.

Чаму гэта больш зручна і бясьпечна?

— Празь лічбавыя сэрвісы і плятформы мы спрабуем спрасьціць людзям жыцьцё і зрабіць мэдыцыну больш зручнай, даступнай і бясьпечнай. У многіх пытаньнях няма патрэбы прыходзіць да лекара ў паліклініку ці шпіталь, а ва ўмовах каранавіруснай сытуацыі робіцца ўвогуле вельмі актуальным, каб менш наведваць без рэальнай патрэбы мэдычныя ўстановы.

Якая першая статыстыка карыстаньня сэрвісам?

— Плятформа існуе крыху больш за месяц. Запатрабаванасьць аказалася вельмі высокая. Сёньня на плятформе зарэгістраваныя 5920 пацыентаў, 6 тысяч хутка будзе. За гэты час дактары правялі больш за 1800 кансультацыяў. Калі пачыналі, у нас было крыху больш за 20 лекараў, цяпер іх каля 60, і яны працягваюць далучацца. Частка лекараў шмат гадоў працуе за мяжой. Яны кажуць, што ім не патрэбныя ніякія ахвяраваньні, яны проста хочуць дапамагаць беларусам, і калі тыя ў сваю чаргу дапамагаюць дактарам, гэтага дастаткова. Прыемныя, добрыя гісторыі.

Тэлемэдыцына — будучыня мэдыцыны пасьля пандэміі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:00 0:00

Чаму гэта важна і для беларусаў, вымушаных зьехаць?

— Ёсьць вялікая колькасьць беларусаў, якія былі вымушаныя выехаць за мяжу і ўсё яшчэ маюць праблемы з афармленьнем мясцовай мэдычнай страхоўкі ці маюць моўныя праблемы. Я сам знаходжуся ў Літве, і тут ня ўсе дактары гавораць па-ангельску ці па-расейску. У нас малое дзіця, і калі маем нейкае пытаньне, зьвяртаюся на нашу плятформу. Часам патрэбна псыхалягічнае супакойваньне — каб нехта зь мэдычнай адукацыяй сказаў, што ўсё ў парадку, ня трэба хвалявацца, ці, наадварот, нешта не ў парадку, пакажыце дзіця доктару. Тут выдатна можна выкарыстоўваць сэрвіс тэлемэдыцыны. Сфатаграфаваць пупок, які не зажывае, ці высыпку, зьняць невялікае відэа і даслаць доктару. З гледзішча бытавой, практычнай зручнасьці, супакоенасьці, хуткай даступнасьці чалавека, які можа дапамагчы, гэта вельмі зручная плятформа.

Ці ёсьць магчымасьць відэакансультацыяў?

— Ёсьць, ужо сёньня. Дактары, якія знаходзяцца за мяжой і ў бясьпецы, якія не патрабуюць ананімнасьці, ужо цяпер наўпрост могуць скінуць пацыенту спасылку на відэазванок і кантактаваць у відэафармаце. Альбо голасам. Сёньня гэта ўжо адбываецца: для кансультацыяў псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў такі кантакт важны ў працэсе размовы. Гэтая функцыянальнасьць ужо ёсьць, але па змоўчаньні прапануецца чат, бо гэта найбольш бясьпечны фармат.

Ці абароненыя асабістыя зьвесткі пацыентаў і дактароў?

— Стваральнікі плятформы нічога ня ведаюць пра пацыентаў. Пэрсанальныя зьвесткі дактароў не захоўваюцца ў плятформе, пацыент іх ня бачыць. Такім чынам, мы цалкам ананімна скантактоўваем людзей адзін з адным, і гэта дазваляе дактарам быць спакайнейшымі, бо ва ўмовах сучаснай Беларусі мы ўжо не разумеем, за што чалавека могуць арыштаваць.

Які сусьветны досьвед выкарысталі распрацоўнікі плятформы?

— У многіх перадавых краінах актыўна прасоўваюцца такія сэрвісы, часам яны робяцца абавязковымі. Ты ня можаш запісацца да лекара, папярэдне не пагаварыўшы зь ім праз відэасувязь, каб доктар зразумеў, ці трэба да яго фізычна прыходзіць, ці спачатку ён накіруе на пэўныя аналізы, зь якімі ўжо прыходзіць на прыём. Такім чынам падвышаецца бясьпека людзей і мінімізуецца высокая загрузка дактароў, бо яны цяпер перагружаныя праз каранавірусную сытуацыю. Гэта арганічна перарастае ў электронныя рэцэпты, якія доктар можа дыстанцыйна выпісаць, у аўтаматычную загрузку аналізаў з лябараторыі. Нельга сказаць, што мы нешта новае прыдумалі. Мы хутчэй адаптуем для беларускіх рэаліяў сусьветны досьвед, які сёньня паўсюль выкарыстоўваецца.

Ці можна атрымаць рэцэпт праз плятформу?

— Для людзей, якія знаходзяцца за мяжой, неўзабаве хочам дадаць опцыю атрыманьня электроннага рэцэпту ад доктара ці запісу на вочны прыём да дактароў, якія знаходзяцца ў той жа краіне, дзе і пацыент. Спадзяюся, што дастаткова хутка да гэтага прыйдзем.

Што чуваць з дыгіталізацыяй у беларускай сыстэме аховы здароўя?

— У Беларусі даволі доўга нічога не адбывалася ў гэтым кірунку. Нядаўна мы пачулі, што пачынаюць прымаць папраўкі да заканадаўства ў галіне ўкараненьня мэдыцынскіх тэлесэрвісаў. Нядаўна паведамлялі, што ў Беларусі хочуць зрабіць унівэрсальную мэдычную карту, у якой можна будзе захаваць гісторыі сваіх захворваньняў, зьвесткі пра алергію ды іншае. Пакуль яны толькі думаюць пра гэта, на нашай плятформе гэта ўжо працуе. Безумоўна, Беларусь будзе рухацца ў гэтым кірунку. Але далей мы сутыкаемся з рэальнасьцю, у якой ад моманту прыняцьця рашэньня, закону ці палажэньня да ўкараненьня ў жыцьцё часта праходзяць гады, а яшчэ часьцей гэта проста не адбываецца.

Колькі ў сярэднім людзі ахвяруюць пасьля кансультацыі з доктарам?

— Сярэдняе ахвяраваньне — каля 30 эўра. Пэўныя людзі вялікую суму пераводзяць. І гэта ідзе не канкрэтнаму доктару, а ў Фонд мэдычнай салідарнасьці, які потым разьмяркоўвае гэтыя сродкі. За паўгадзінную кансультацыю 20-30 эўра — гэта нашмат больш, чым дактары ў Беларусі зарабляюць. Ахвяраваньні добраахвотныя, ня кожны чалавек іх робіць, сумы вельмі розныя.

Ці магчыма ў будучыні пералічваць грошы непасрэдна доктару, які кансультаваў?

— Мы стартавалі з найбольш хуткай, простай і бясьпечнай мадэлі. У гэтай мадэлі дактарам немагчыма нешта зарабляць, бо грошы ідуць у фонд салідарнасьці, а адтуль найперш тым, хто пацярпеў праз свае палітычныя погляды. У Беларусі віджэт заблякавалі практычна адразу, ён даступны толькі пад VPN, што таксама адсякае пэўную колькасьць людзей, гатовых ахвяраваць. Таму мы цяпер працуем над тым, каб пераходзіць у больш устойлівую мадэль, калі пацыент можа наўпрост плаціць доктару за яго працу альбо гэта стане данатам канкрэтнаму доктару ад канкрэтнага пацыента. Мы выпрацоўваем розныя варыянты, каб гэта было бясьпечна для дактароў, якія знаходзяцца ў Беларусі, каб іх не прыцягнулі да нейкай адказнасьці. Шукаем легальныя і бясьпечныя спосабы. Калі празь некалькі месяцаў пяройдзем у такую мадэль, спадзяюся, прыцягнем яшчэ болей дактароў і зробім плятформу яшчэ больш папулярнай.

Ці можа гэта стаць у будучыні пасьпяховым мэдычным бізнэсам?

— У будучыні так. Цяпер ёсьць дакладная дамоўленасьць, што ва ўмовах сучаснай Беларусі наша плятформа ня будзе браць ніякіх працэнтаў і камісіяў. Яна распрацоўваецца сёньня выключна як валянтэрскі праект. У будучай Беларусі, калі ў нас будзе Міністэрства здароўя, гатовае працаваць у лічбавай экасыстэме, гэта безумоўна можа быць бізнэсам.

Якія мэдычныя спэцыяльнасьці ёсьць на плятформе?

— Цяпер больш за 60. Ёсьць нішавыя кірункі, напрыклад, спэцыяліст у каранавірусах, які адказвае на розныя пытаньні пра COVID. Самыя папулярныя спэцыяльнасьці — тэрапэўт, пэдыятар, гінэколяг, траўматоляг, артапэд, гастраэнтэроляг. Шмат дзіцячых спэцыяльнасьцяў — алерголяг, пэдыятар адпаведна. Ёсьць дыетолягі, псыхолягі, псыхатэрапэўты. Ёсьць доктар прамянёвай дыягностыкі, які можа расшыфраваць здымак, прысланы чалавекам. Ёсьць нават сястра-сядзелка, якая можа кансультаваць наконт хатняга догляду хворага. Прадстаўлена практычна ўсё, што магчыма.

Ці ўсе дактары могуць кансультаваць дыстанцыйна?

— У нас нядаўна зьявіўся патолягаанатам. Я спачатку ня мог зразумець, як ён будзе кансультаваць дыстанцыйна, а выявілася, што гэтыя спэцыялісты ў тым ліку трактуюць вынікі біяпсіі, іншых рэчаў. Правільнае трактаваньне гэтых аналізаў — цэлы кірунак, які сёньня ня вельмі добра працуе ў дзяржаўных установах, але людзям важна ў дэталях разумець вынікі аналізаў. Днямі прыйшоў электронны ліст, дзе чалавек прасіў дапамагчы расшыфраваць УГД, бо гэта яму не зрабілі нармальна ў паліклініцы.

Чаму гэта зручней за візыт у паліклініку?

— Часта складана пайсьці ў паліклініку, стаяць у чарзе, яшчэ і нахамяць камусьці, недзе талёнчык немагчыма ўзяць. А тут усё можна зрабіць, не ўстаючы з канапы. У спэцыялізацыях, дзе ў нас шмат дактароў, людзі атрымліваюць адказ цягам некалькіх хвілінаў. Ёсьць спэцыялізацыя, дзе ў нас усяго адзін доктар, тады адказ прыходзіць цягам аднаго-двух дзён. Гэта і дапамагае людзям больш уважліва ставіцца да свайго здароўя, бо калі мы спрашчаем ім гэты шлях, яны адпаведна пачынаюць часьцей карыстацца гэтым сэрвісам, часьцей здаваць аналізы і гэтак далей.

Да якіх лекараў найбольш зваротаў?

— Да тэрапэўтаў. У нас «зашыта» у падсьвядомасьці, што калі не разумееш, куды пайсьці, пачынай з тэрапэўта. На другім месцы пэдыятар. Нядаўна быў выпадак, калі чалавек зьвярнуўся да афтальмоляга, знаходзячыся за мяжой. Па апісаньні афтальмоляг западозрыў даволі сур’ёзны дыягназ, сказаў у той жа дзень ісьці да мясцовага доктара. Дыягназ пацьвердзілі, патрэбная была тэрміновая апэрацыя цягам некалькіх дзён, чалавек паляцеў у Беларусь і зрабіў там апэрацыю. Калі б ён некалькі дзён яшчэ пачакаў, застаўся б бяз вока. Прыклад, як афтальмалёгія можа працаваць праз інтэрнэт.

Якой вы бачыце змадэрнізаваную мэдычную сыстэму ў новай Беларусі?

— Гэта зручнасьць, калі шэраг сэрвісаў можна атрымаць онлайн, калі рэцэпт можна атрымаць і працягнуць онлайн. Гэта выкарыстаньне лічбавых інавацыяў у галіне аналізаў, здымкаў, калі нэўрасеткі вызначаюць патэнцыйныя паталёгіі і прапаноўваюць доктару зьвярнуць увагу на гэтае месца. Многія гэтыя рэчы мы зьбіраемся пілятаваць у рамках плятформы. Яна можа стаць добрым базісам для разьвіцьця гэтага кірунку ў Беларусі, бо мы яе адразу робім зь беларускай спэцыфікай, зь беларускімі дактарамі, якія нас кансультуюць.

Ці будзе на плятформе беларуская мова?

— У рамках плятформы мы спрабуем зрабіць пераклад міжнароднай клясыфікацыі хваробаў на беларускую мову. Вялікая праца, якую будзе вельмі прыемна зрабіць. Мэдыцына будзе дыгіталізавацца, цяпер гэта ідзе ва ўсім сьвеце, і вельмі важна, каб Беларусь не адставала ў гэтым працэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG