Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеная Калесьнікава заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць гвалт і пачаць дыялёг


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць гвалт і паспрабаваць мірным спосабам знайсьці выхад з палітычнага крызісу.

«Я заклікаю ўлады перастаць змагацца з уласным народам, прыслухацца да беларусаў і пачаць новы дыялёг. Спыніце гвалт і абсурдныя судовыя працэсы! Не разбурайце эканоміку і пасьпяховыя прадпрыемствы! Выпусьціце людзей з турмаў!» — заявіла яна ў пісьмовым інтэрвію нямецкай газэце Welt am Sonntag, апублікаваным 1 жніўня.

Марыя Калесьнікава 12 гадоў пражыла ў Штутгарце, летась вярнулася ў Беларусь і стала каардынатаркай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.

У верасні 2020 году яе схапілі ў Менску і пры спробе сілком вывезьці ва Ўкраіну паўторна затрымалі на мяжы. Пазьней стала вядома, што Марыя Калесьнікава парвала свой пашпарт і пакінула аўтамабіль сілавікоў.

Камэнтуючы гэты крок у інтэрвію Welt am Sonntag, актывістка падкрэсьліла, што ніводнага разу не пашкадавала пра зробленае.

«Думаю, гэта было адзіна правільнае рашэньне. Свабода не падае зь неба. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, у цэнтры Эўропы, — жывы прыклад таму», — адказала выданьню Марыя Калесьнікава.

На старонках газэты яна заклікае беларусаў «крок за крокам абараняць свае каштоўнасьці і перакананьні».

«Крок за крокам мы пабудуем свабоднае і адкрытае грамадзтва. Барацьба беларускага народа павінна стаць нашай агульнай справай, а яго перамога — увайсьці ў гісторыю», — падсумавала Марыя Калесьнікава.

У траўні Марыі Калесьнікавай прад’явілі абвінавачваньні паводле крымінальных артыкулаў аб закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі, пра змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, а таксама аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG