На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае кіраўнік Кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, яе прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
Кавалеўскі
- Практыка такая, што ў публічных паведамленьнях мы расказваем пра тое, што мы кажам нашым замежным суразмоўцам.
- Вельмі лёгка інтэрпрэтаваць словы суразмоўцаў на сваю карысьць.
- Таму мы пакідаем магчымасьць нашым суразмоўцам расказваць, што казалі яны.
- Для мяне як прафэсійнага дыплямата была важна, як Сьвятлану Ціханоўскую ўспрымаў амэрыканскі істэблішмэнт, экспэрты, палітыкі, звычайныя амэрыканцы.
- Гэта падмурак для выбудоўваньня адносінаў.
- І гэта мала чым адрозьнівалася ад таго, што мы бачылі ў Эўропе: гэта і павага, і жаданьне дапамагчы, і вельмі моцны эмацыйны кантакт.
- Гэта нам і было трэба, мы ехалі ў ЗША не для аднаразовых угодаў.
- Мы маем справу з рэжымам, які ўкараніўся, і да яго трэба падыходзіць з розных бакоў — гэта ня толькі санкцыі.
- Тон сустрэчаў быў цёплы і паважлівы.
- Мы падкрэсьлівалі, што беларускі крызіс — гэта праблема ня толькі Беларусі.
- Для нас мэты санкцыяў — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялёг. Менавіта так мы можам прыйсьці да правядзеньня датэрміновых выбараў.
- Лукашэнка і яго рэжым адмаўляюцца прызнаваць крызіс у краіне. А крызіс ёсьць, і ён паглыбляецца.
- Па дзеяньнях людзей, па рэакцыі ўладаў мы бачым, што крызіс агульнанацыянальны.
- Рэакцыя Лукашэнкі паказвае, што ён вельмі ня ўпэўнены ў сваіх сілах, у сваёй здольнасьці кантраляваць сытуацыю.
- Для дыктатара такія паводзіны вельмі сымптаматычныя, яны паказваюць не яго сілу, а слабасьць.
- Нашая задача праз санкцыі і дыпляматычны ціск прымусіць яго прызнаць, што ў краіне крызіс.
- Калі мы пачуем ад кіраўніцтва краіны канстатацыю крызісу, то гэта першы крок да таго, каб яго вырашаць.
- Санкцыі — гэта інструмэнт спыненьня рэпрэсіяў і сыгнал тым, хто пакуль ня трапіў пад санкцыі.
- Гэта папярэджаньне ім, што і яны могуць трапіць у гэтыя санкцыйныя сьпісы.
- Каб яны думалі, ці варта парушаць закон, ці варта чыніць злачынствы супраць беларусаў.
- Пытаньне — Лукашэнка хоча прымусіць заходнія краіны адмовіцца ад санкцыяў, ці ён хоча зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць Беларусі?
- Гэтыя працэсы адбываюцца паралельна. Пратэст не спыняецца ані на дзень.
- Санкцыі могуць быць балючыя, але эфэкт ад іх яшчэ не наступіў.
- Для нас не прыярытэт адкрыцьцё адмысловага прадстаўніцтва Ціханоўскай у ЗША.
- Тыя санкцыі, якія распрацоўваюць ЗША наўздагон Эўразьвязу, прымушаюць Лукашэнку ня спаць па начах.
- Для ЗША прыярытэтам зьяўляюцца сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.
- Яны гэта казалі зь першага дня, калі Беларусь абвясьціла пра сваю незалежнасьць.
- Расея зьяўляецца адной з пагрозаў беларускаму сувэрэнітэту, калі яна прасоўвае свой інтэграцыйны парадак дня.
- Дыялёг паміж ЗША і камандай Лукашэнкі ніколі не спыняўся, і гэта нармальна.
- Дыпляматы павінны размаўляць, і дыпляматычныя каналы павінны заставацца адкрытымі.
- Аб’ектыўна Лукашэнка, яго рэжым дэ-факта кантралюе сытуацыю ў краіне.
- Мы можам называць гэта па-рознаму — кантроль, акупацыя, неяк інакш.
- Злучаным Штатам трэба весьці такія камунікацыі, у тым ліку і каб даводзіць сваю занепакоенасьць практыкамі, якімі карыстаецца рэжым.
- Я ня ведаю, наколькі высока гэтыя кантакты сягаюць, але яны дзейнічаюць увесь час.
Што было раней
- 19 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам, намесьнікам дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд і дарадцам Дзярждэпартамэнту ЗША Дэрэкам Шоле
- 20 ліпеня Ціханоўская правяла ў Белым доме перамовы з Джэйкам Салівэнам – дарадцам прэзыдэнта Джо Байдэна па нацыянальнай бясьпецы.
- На перамовах таксама прысутнічалі кіраўнік дэпартамэнту Ўсходняй Эўропы Нацыянальнай рады бясьпекі ЗША Крыс Сьміт, кіраўніца Рады па гендэрнай палітыцы адміністрацыі прэзыдэнта Джэніфэр Кляйн і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
- 22 ліпеня Ціханоўская сустрэлася з экс-дзяржсакратаркай ЗША Мадлэн Олбрайт, а таксама з кіраўніцай Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Келай Чао.
- 22 ліпеня прадстаўнікі міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў ЗША сустрэліся са Святланай Ціханоўскай.
- У пасольстве Літвы ў ЗША прайшла сустрэча кокусу «Сябры Беларусі» – міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў ЗША, мэтай якой зьяўляецца прасоўваньне ў Беларусі дэмакратычных рэформаў (кокусамі ў ЗША называюць аб’яднаньні палітыкаў у тых або іншых формах).
- Падчас канфэрэнцыі з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай амэрыканскія палітыкі пацьвердзілі, што лічаць менавіта яе, а не Аляксандра Лукашэнку, рэальнай пераможцай прэзыдэнцкіх выбараў
- 25 ліпеня Ціханоўская наведала катэдральны сабор Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Брукліне.