Вядомы расейскі хакер асуджаны ў ЗША да часу, які ўжо адбыў у турме да суду. Пётр Левашоў да суду правёў 33 месяцы ў зьняволеньні па абвінавачаньнях у тым, што кіраваў сеткай захопленых кампутараў, вядомых як ботнэты, дзеля крадзяжу ўліковых дадзеных кампутараў, распаўсюду спаму і ўсталяваньня шкоднаснага праграмнага забесьпячэньня.
У 2018 годзе 40-гадовы расеец прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні наўмыснай шкоды абароненым кампутарам, змове, махлярстве з падлучэньнямі і крадзяжы асабістых дадзеных.
Амэрыканскі акруговы судзьдзя Роберт Шаціньі заявіў, што фінансавая шкода, нанесеная спамам, у справаздачы перад судом была завышанай, у дакумэнце рэкамэндавалася пакараць Левашова мінімум 12 гадамі турмы.
Разам з тым судзьдзя прызнаў, што злачынствы ператварыліся ў нешта сур’ёзнае і складанае, яны сапраўды «нашкодзілі грамадзтву».
Цяпер Левашоў тры гады будзе пад паліцэйскім наглядам. Невядома, калі яго дэпартуюць у Расею.
Левашоў, якога выпусьцілі з турмы пад электронны маніторынг у студзені 2020 году, папрасіў прабачэньня ў судзе за свае дзеяньні.
Хакера арыштавалі ў красавіку 2017 году падчас адпачынку ў Гішпаніі. Расея змагалася зь яго экстрадыцыяй, але Левашова пераправілі ў Злучаныя Штаты.
Бот-сеціва — гэта сетка кампутараў, заражаных шкоднасным праграмным забесьпячэньнем, што дазваляе трэцім асобам кантраляваць усю кампутарную сетку бязь ведама і згоды ўладальнікаў кампутараў. З канца 1990-х і да арышту Левашоў кіраваў шэрагам бот-сеціваў, якія ў сукупнасьці маглі рассылаць мільярды спам-паведамленьняў на дзень.