Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі захоп самалёта Ryanair, напад на грамадзянскую супольнасьць і незалежныя мэдыя ў Беларусі, арганізаваную рэжымам міграцыю ў Літву як спробу помсьціць Эўразьвязу. Беларуская лідэрка высока адзначыла дапамогу амэрыканскай амбасадаркі ў Беларусі Джулі Фішэр.
На сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская заклікала ЗША:
- Прыняць пакет неадкладнай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ, Youtube-праектаў, тэлеграм-каналаў, журналісцкіх расьсьледаваньняў. Пашырыць дапамогу грамадзянскай супольнасьці, рэпрэсаваным і прыватнаму бізнэсу ў Беларусі, палітвязьням і іх сем'ям. Павялічыць колькасьць стыпэндыяльных праграмаў для падтрымкі студэнтаў і дасьледнікаў.
- Даць сыгнал Расеі, што падпісаныя кантракты і пагадненьні з рэжымам ня будуць прызнаныя юрыдычна і анулююцца: «Расея можа адыгрываць канструктыўную ролю ў вырашэньні крызісу ў Беларусі — пасярэдніцтвам у дыялёгу і ўдзелам у канфэрэнцыі аб Беларусі — тады Лукашэнка ня будзе ставіць пад пытаньне сувэрэнітэт Беларусі і бясьпеку цэлага рэгіёну».
- Узмацніць разам з партнэрамі палітычны і эканамічны ціск на рэжым. Прыпыненьне кантрактаў з рэжымам і санкцыі — эфэктыўны інструмэнт, але важна не дапускаць магчымасьцяў для іх абыходу і сынхранізаваць дзеяньні з ЭЗ, Вялікай Брытаніяй і Канадай;
- Аказаць дыпляматычную падтрымку беларускім дэмакратычным сілам у іншых краінах;
- Прыняць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні канфэрэнцыі высокага ўзроўню ў справе разьвязаньня крызісу ў Беларусі.
Дзяржаўны сакратар прыняў Ціханоўскую ў прыёмнай залі Дзяржаўнага дэпартамэнту, сустрэча доўжылася гадзіну. Блінкен сказаў, што ён у пастаянным кантакце зь Белым домам і прэзыдэнтам Джо Байдэнам — і яны абмяркоўваюць беларускае пытаньне.