«Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту прыпыняе сваю працу на нявызначаны тэрмін», — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі ў сацсетках.
Напярэдадні ў офіс аб’яднаньня заявіліся сілавікі і ўчынілі ператрус. Праз мэтанакіраваную атаку на грамадзянскую супольнасьць кіраўніцтва арганізацыі ня ведае, калі праваабарончая праца адновіцца ў ранейшым фармаце. Старшыня праўленьня «Гендэрных пэрспэктываў» — Ірына Альхоўка.
Дзейнасьць міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы» акцэнтаваная на праблемах хатняга гвалту, дыскрымінацыі на рынку працы, гендэрнай роўнасьці.
Для папярэджаньня побытавых канфліктаў на базе плятформы працяглы час функцыянавала агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту (8-801-100-8-801). На гэты нумар за ўвесь час было звыш 15 тысяч тэлефанаваньняў.
Цяпер атрымаць інфармацыю аб прававой, сацыяльнай і псыхалягічнай дапамозе можна праз адмысловы чат-бот, які працуе ў мэсэнджары Telegram (@HelpHotlineBot).
Бот падкажа, як дзейнічаць у экстранай сытуацыі, дзе знайсьці прытулак пацярпелым, а таксама адрасы і тэлефоны арганізацый, куды зьвярнуцца ў розных рэгіёнах Беларусі.