Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дынько з Акрэсьціна: Прасторы для працы грамадзка-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося


Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Тэлеграм-канал «Нашай Нівы» распаўсюдзіў паведамленьне ад Андрэя Дынька, які знаходзіцца за кратамі. Галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» затрымалі 8 ліпеня. Ён знаходзіцца на Акрэсьціна.

«Упэўнены, што ня толькі я, але і мае калегі не вінаватыя ні ў чым, і гэта стане ўсім відавочна. На маю думку, мы проста закладнікі ў палітычным гандлі, — лічыць Андрэй Дынько. — Тыя, хто робяць «Нашу гісторыю», рабілі тое, што мусілі, выконвалі свае працоўныя абавязкі. Наш агульны прынцып быў і ёсьць: «Наша Ніва» не ўдзельнічае ў палітычных гульнях, а аб’ектыўна асьвятляе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой.

Паводле журналіста, калі была справа Андрэевай і Чульцовай, справа Барысевіч, справа Tut. by, то кожны раз здавалася, што, магчыма, гэта разава.

«Здавалася, што гэта будзе выпраўлена, што журналісты выйдуць. Але зараз я са шкадаваньнем канстатую, што прасторы для працы грамадзка-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося».

У ізалятары на Акрэсьціна Андрэй Дынько знаходзіцца ў вельмі кепскіх умовах: няма матрацаў і падушак, бялізны. Увесь час у камэры гарыць сьвятло. У такіх самых умовах знаходзяцца і астатнія затрыманыя нашаніўцы.

«Апынуўшыся па другі бок, я ўглядаюся, шукаючы сьляды чалавечнасьці ў людзях, якіх я сустракаю, — і такія ёсьць, — перадае Андрэй. — Так выйшла, што мяне затрымалі ў дні, калі ў паветры нашых бароў стаіць адзін з маіх любімых водараў — чабор. І мне дагэтуль ён пахне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG