Стартап-хаб Imaguru адкрыў штаб-кватэру ў Мадрыдзе. Пра гэта напісана на старонцы хабу ў фэйсбуку.
Праз два месяцы з моманту, як стартап-хаб пазбавілі памяшканьня ў Менску, спэцыялісты правялі онлайн дэма-дзень аксэлератара TechMinsk, запусьцілі адукацыйную праграму для стартапаў на раньняй стадыі Imaguru Startup Lab, якую скончылі каля 20 беларускіх стартапаў, і правялі 3 хакатоны.
Таксама Imaguru удзельнічаў у стартап канфэрэнцыі Startup Fair у Літве і заключыў партнэрскае пагадненьне з Google for startups.
Акрамя штаб-кватэры, якая адкрылася ў сталіцы Гішпаніі, у найбліжэйшы час хабы зьявяцца ў іншых эўрапейскіх гарадах, у прыватнасьці ў Вільні.
Imaguru пачаў працу ў 2013 годзе. Гэта першы ў Беларусі клюб для маладых інавацыйных камапаній. Мэтай Imaguru заявіў дапамогу маладому інавацыйнаму бізнэсу ў Беларусі. За восем гадоў дзякуючы Imaguru зьявілася больш за 300 стартапаў, якія стварылі больш за 3,5 тысячы месцаў.
У красавіку 2021 году «Гарызонт» скасаваў дамову арэнды з Imaguru. У хабе перакананыя, што адмова ў працягу арэнднай дамовы зьвязаная толькі з грамадзянскай пазыцыяй — у прыватнасьці, Imaguru далучыўся да страйку 26 красавіка. У сакавіку сілавікі ў масках зладзілі налёт на стартап-хаб, затрымалі шмат людзей.
Шэраг беларускіх кампаній, зьвязаных з ІТ-сфэрай, перабраліся за мяжу пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія пайшлі пасьля гэтага. Напрыклад, у чэрвені кампанія Wargaming, вядомая распрацоўкай гульні World of Tanks, купіла 76 кватэр у навабудзе на праспэкце Канстытуцыі (Konstitucijos pr.) у дзелавым цэнтры Вільні, у красавіку кампанія адкрыла ў гэтым горадзе свой офіс.
Адзін з заснавальнікаў папулярнай праграмы для жаночага здароўя Flo перабраўся ў Лёндан. За мяжу, у Кіеў, перабраўся і вядомы менскі рэстаратар Уладзіслаў Луцэвіч, і шэраг іншых людзей, якія страцілі бізнэс або адчулі вялікія рызыкі для яго ў Беларусі.