Працэс пачаўся 14 траўня. За гэты час апыталі сьведак і вывучылі пісьмовыя ды відэа- і аўдыёматэрыялы справы. 1 ліпеня пачалі дапытваць абвінавачаных. Суд ужо выслухаў студэнта МГЛУ Глеба Фіцнера і студэнта мэхмату БДУ Ільлю Трахтэнберга. Глеб Фіцнер віну прызнаў цалкам, а Ільля Трахтэнберг па-ранейшаму віны не прызнае. Судовае паседжаньне 2 ліпеня пачалі з допыту выкладчыцы БГУІР Вольгі Філатчанкавай.
«Абвінавачаньне заблытанае і некарэктнае»
Вольга Філатчанкава прамаўляла коратка. Былая выкладчыца заявіла, што цалкам не прызнае віны ў абвінавачаньні, якое назвала «заблытаным і некарэктным». Яна зьвярнула ўвагу суду, што ў абвінавачаньні не прыведзена доказаў таго, як яна нібыта арганізоўвала пратэсты студэнтаў.
«Навучальнага працэсу не зрывала, на пратэсты не заклікала, не паддавалася на заклікі да гвалту. У мяне свая галава на плячах. А калі я была на акцыях, дык сымболікі ў мяне не было, я проста стаяла і размаўляла са студэнтамі», — паведаміла суду Вольга Філатчанкава.
Асобна выкладчыца спынілася на падзеях 26 кастрычніка, калі Сьвятлана Ціханоўская заклікала правесьці агульнанацыянальны страйк. Вольга Філатчанкава згадала, што папярэдне заявіла пра свой удзел у страйку, але фактычна страйку не адбылося. Выкладчыцу перавялі на дыстанцыйную працу, ёй давялося дыстанцыйна праводзіць лябараторныя работы і ў рэальнасьці яна не страйкавала. Таксама Вольга Філатчанкава абвергла абвінавачаньне сьледзтва, што яна нібыта арганізавала і кіравала акцыяй студэнтаў, якая прайшла 1 лістапада.
«Ніякіх заклікаў я не рабіла. Я проста зазнала рэпрэсіі за выказваньне маіх палітычных поглядаў, якое гарантавана мне Канстытуцыяй. Таму ад далейшага допыту адмаўляюся», — заявіла суду Вольга Філатчанкава.
Вольга Філатчанкава — выкладчыца БДУІР, была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай. Абвінавачваецца паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Пасьля выступу Філатчанкавай суд пачаў допыт студэнткі БНТУ Анастасіі Булыбенкі, якая таксама не прызнала сябе вінаватай.
Дзяўчына пагадзілася адказваць на пытаньні прадстаўніка пракуратуры, але часьцей адказвала словамі «ня памятаю» ці «магчыма». Затое пэўна выказалася наконт нібыта арганізацыі пратэставых акцый. Настасься рашуча сказала, што гэтым не займалася. «І не разьмяшчала ў чаце паведамленьняў аб будучых акцыях студэнтаў», — дадала дзяўчына.
Потым Булыбенка прызнала, што здымала на фота падзеі з акцый студэнтаў, магчыма, скідвала гэтыя фота ў інтэрнэт. Прызнала і тое, што брала ўдзел у відэаканфэрэнцыях аб пратэстах студэнтаў, але падрабязнасьцяў ня памятае. У тым ліку Настасься паведаміла, што сама малявала плякаты, зь якімі выходзіла на акцыі, але нікому іх не перадавала.
«Гэта было за некалькі мэтраў ад галоўнага ўваходу», — сказала Настасься пра месца правядзеньня тых акцый. А пра час сказала, што «звычайна ў вялікі перапынак». Паводле падсуднай, акцыі нікому не заміналі, бо ім ніхто не рабіў заўваг, да іх нават не падыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і міліцыянты, На пытаньне пракурора пра яе ўдзел у агульнанацыянальным страйку 26 кастрычніка Булыбенка адказала гэтак: «У той дзень я адбывала адміністрацыйны арышт, таму нічога ня ведаю».
Прачнулася і ўбачыла побач 6 супрацоўнікаў КДБ
12 лістапада Настасьсю затрымалі дома. «Мяне пабудзілі, у пакоі было 6 мужчын. Адзін адразу спытаў мой мабільны. Далі апрануцца і паказалі пасьведчаньні. Гэта былі супрацоўнікі КДБ. Яны сказалі, што я падазраваная, што ўдзельнічаю ў розных чатах і мушу ехаць зь імі на яўку з павіннай, а тады абяцалі адпусьціць».
Паводле Настасьсі, тэкст «яўкі з павіннай» яна пісала не сама: «Супрацоўнік казаў, што пісаць». Яна зазначыла, што пасьля таго, як яна ўсё зрабіла, дамоў яе так і не адпусьцілі.
У яе прызнаньні віны, напісаным адразу пасьля затрыманьня, гаворыцца пра ўдзел падсуднай Аланы Гебрэмарыям у абмеркаваньні ў чатах студэнцкіх пратэстаў. У судзе Анастасія гэтыя прызнаньні пацьвердзіла, але сказала, што раней не была знаёмая з Аланай Гебрэмарыям, толькі ведала, што тая зьяўляецца сябрам Каардынацыйнай рады. Настасься Булыбенка абвергла свае словы ў «яўцы з павіннай», што нібыта Алана запэўнівала яе, што за ўдзел у страйку яе не адлічаць з ВНУ.
«Гэта ў маім прызнаньні не мая фармулёўка», — сказала дзяўчына. «А чыя?» — спытала прадстаўніца пракуратуры. «Ня буду казаць», — сказала Настасься. Таксама яна зьняпраўдзіла свае ранейшыя словы пра тое, што падсудная Вікторыя Гранкоўская арганізоўвала пратэставыя акцыі студэнтаў.
Настасься згадала сваё затрыманьне падчас акцыі студэнтаў 17 кастрычніка, якое закончылася для яе 10 днямі адміністрацыйнага арышту. Пры разгоне акцыі дзяўчына атрымала пашкоджаньне нагі, але яе ўсё роўна зацягнулі ў міліцэйскі бус і там пазначылі фарбай. Вось што Настасься памятае пра гэты момант.
«Мацюкі, штуршкі. Ляжала там тварам у падлогу, і нейкі міліцыянт пазначыў мне чырвонай фарбай лоб і руку. Было вельмі страшна, бо я ня ведала, дзеля чаго гэта рабілася. Навошта? І ня ведала, што з гэтым рабіць далей», — успамінала Настасься. Паводле яе, калі 12 лістапада супрацоўнікі КДБ прыйшлі яе арыштоўваць дамоў, яна «перажыла падобны ступар».
У канцы допыту Анастасія пэўна заявіла, што ня ведала пра пляны агульнага страйку менскіх студэнтаў і пра падрыхтоўку да масавых беспарадкаў з мэтай справакаваць увядзеньне санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі.
Судзьдзя Фёдарава палічыла, што сёньняшнія паказаньні Настасьсі Булыбенкі ў судзе разыходзяцца зь яе паказаньнямі на сьледзтве і прачытала іх уголас. У тых паказаньнях Настасься Булыбенка апавядала пра адлічэньні студэнтаў БНТУ за ўдзел у акцыях, прызнавала, што таксама ўдзельнічала арганізацыі пратэставых акцый.
«Я не зусім разумела розьніцу ў фармулёўках», — патлумачыла разыходжаньні ў паказаньнях падсудная Булыбенка. Яна настойвала, што арганізатаркай акцый не была. Паводле некалькіх пратаколаў, агучаных судзьдзей, Настасься Булыбенка на сьледзтве часам адмаўлялася даваць паказаньні. У тым ліку яна адмаўлялася адказваць, ці пазнала каго па галасах, якія ёй давалі праслухваць. Настасься спасылалася на дрэннае самаадчуваньне.
Анастасія Булыбенка — былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. Абвінавачваецца паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Дзяўчыне 19 гадоў.
Ад «чыстасардэчнага прызнаньня» адмовіўся
Пасьля Настасьсі Булыбенкі суд паспрабаваў дапытаць студэнта БДУ Ягора Канецкага, але той даваць паказаньні і адказваць на пытаньні адмовіўся. Тады судзьдзя пастанавіла зачытаць паказаньні Ягора Канецкага на сьледзтве.
Паводле першага з агучаных дакумэнтаў, «чыстасардэчныя прызнаньні » Ягор Канецкі даў ужо 12 лістапада, калі яго затрымалі. Гэта было ў КДБ. Тады Канецкі паказаў, што браў асабісты ўдзел а маршах у жніўні, 1 верасьня ды іншых і расказаў пра свой удзел у студэнцкіх чатах.
«Інфармацыю аб акцыях атрымліваў з тэлеграм-каналу Nexta ды іншых». Таксама студэнт прызнаваў, што рэдагаваў паведамленьні ў чаце БДУ, браў удзел у акцыях на тэрыторыі ўнівэрсытэту. У тым ліку ў кастрычніку 2020 году, калі ў акцыі ўдзельнічалі каля 350 студэнтаў. За гэта яму была абвешчаная вымова, згадаў Канецкі на допыце. Пра сябе ён паказаў, што зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па стварэньні незалежнага прафсаюзу БДУ і адміністратарам чату для студэнтаў біяфаку БДУ.
Такім чынам, на першым допыце ў КДБ Канецкі прызнаваў віну ў выстаўленым абвінавачаньні і абяцаў «у далейшым супрацоўнічаць са сьледзтвам». Аднак ужо падчас наступнага допыту Ягор віны ў арганізацыі несанкцыянаваных акцый на факультэце не прызнаў. «Акцыя нікому не перашкаджала, вучэбны працэс не спыняўся», — выказваўся студэнт пра адну з акцый.
На іншых допытах Ягор Канецкі казаў, што ведаў пра тое, што Алана Гебрэмарыям была прадстаўніцай Сьвятланы Ціханоўскай, але асабіста зь ёй ня быў знаёмы. Таксама ён ня быў знаёмы з Вольгай Філатчанкавай і Ксеніяй Сырамалот.
Падчас усіх наступных допытаў на сьледзтве Ягор Канецкі пасьлядоўна не прызнаваў віны ў арганізацыі беспарадкаў, хаця не адмаўляў, што асабіста ў некаторых удзельнічаў як актывіст прафсаюзу студэнтаў. Ягор згадаў, як на адной акцыі ён дапамагаў іншым студэнтам выстройвацца ў форме сэрца: «З балькона падказваў, як лепш стаць».
На допыце 26 студзеня сьледчы працягваў распытваць Ягора Канецкага, з кім ён браў удзел у канфэрэнцыі аб акцыях супраць адлічэньня студэнтаў-актывістаў.
«Галасоў не пазнаю», — адказваў сьледчаму Ягор Канецкі.
Той пытаўся пра вонкавае фінансаваньне пратэстаў, але студэнт усё адхіліў. Нават не сказаў, колькі актывістаў было ў ініцыятыўнай групе для стварэньня незалежнага прафсаюзу БДУ, як не згадаў і прозьвішчаў калегаў па прафсаюзе.
Ягор Канецкі — студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. Абвінавачваецца паводле 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Ягору 21 год.
З 1 верасьня да канца 2020 года ў менскіх ВНУ амаль штодня праходзілі акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся ўнутры будынкаў (на лесьвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Сама меней сто студэнтаў розных ВНУ адлічылі, крымінальныя справы, паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, завялі як мінімум на 40 студэнтаў.
У «справе студэнтаў» — 11 маладых людзей і 1 выкладчыца. Усіх фігурантаў «справы студэнтаў» праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.