Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКу


Мікалай Дзядок у першы дзень суду 29 чэрвеня
Мікалай Дзядок у першы дзень суду 29 чэрвеня

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс над анархістам Мікалаем Дзядком, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў і захоўваньні небясьпечных рэчываў.

На папярэднім паседжаньні суд вывучаў пісьмовыя матэрыялы справы. Адвакат Дзядка Яўген Маслаў хадайнічаў аб агучваньні цалкам дакумэнтаў, якія раней толькі назвалі. У выніку была зачытаная мэдычная даведка аб аглядзе Мікалая Дзядка ў СІЗА на Валадарскага. Туды ён трапіў у лістападзе пасьля затрыманьня ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну.

Паводле гэтай даведкі, мэдык убачыў у Дзядка больш за 10 абдзірын і кровападцёкаў: на твары, грудзях, руках і нагах, але найбольшыя зь іх — даўжынёй да 28 сантымэтраў — на сьпіне і ягадзіцах.

«Сьляды зялёныя ў сярэдзіне і жоўтыя па краях, на скуры засохлыя струпы», — запісаў мэдык, які аглядаў Мікалая Дзядка.

Таксама была агучаная пастанова сьледчага СК аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы па скарзе Мікалая Дзядка аб пабіцьці пры затрыманьні.

Паводле Дзядка, яго білі пры затрыманьні, хоць ён не аказваў ніякага супраціву, а потым білі і зьдзекаваліся ў будынку ГУБАЗіКа ў Менску. У пастанове згадваюцца тлумачэньні супрацоўніка Бакланава, які прысутнічаў пра затрыманьні Дзядка. Той сьцьвярджаў, што Мікалая Дзядка затрымлівалі супрацоўнікі «сілавой падтрымкі», якіх ён асабіста ня ведае, але, на ягоную думку, тыя дзейнічалі ў межах закону, бо «з боку Дзядка была пагроза аказаньня супраціву». У выніку сьледчы пастанавіў не заводзіць справу аб празьмерным ужываньні сілы пры затрыманьні Мікалая Дзядка.

Мікалай Дзядок у судзе 1 ліпеня
Мікалай Дзядок у судзе 1 ліпеня

Суд агледзеў рэчавыя доказы, сярод іх відэазапісы, дыскі з праслухоўваньнем Мікалая, файлы зь ягонымі пастамі як блогера і артыкуламі як журналіста.

«Сыстэма пачынае распадацца», — сьцьвярджаў Мікалай Дзядок. Між тым да бутэлек з гаручай вадкасьцю, якія, паводле сьледзтва, Мікалай Дзядок трымаў, каб скарыстаць падчас тэрактаў, чарга так і не дайшла. Мікалай Дзядок сьцьвярджаў на сьледзтве, што бутэлькі яму насамрэч не належаць.

«Іх мне сілай засоўвалі ў рот і прыкладалі да маіх рук», — так ён сьцьвярджаў у скарзе пракурору.

«Віны не прызнаю»

Мікалай Дзядок даў у судзе паказаньні і адразу заявіў, што не прызнае віны. Паводле Дзядка, ён не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, вёў свой блог адкрыта і не хаваўся на «кансьпіратыўнай» кватэры, а проста пераехаў часова ў Сасновы, бо ў Менску яго б прэвэнтыўна затрымалі. Сказаў, што не наведваў маршы пратэсту, быў толькі на адным, у дзень свайго нараджэньня.

«Я не блякаваў работы транспарту, ня чуў ні ад кога незадаволенасьці ў мой адрас, — сказаў Дзядок. — На шэсьці панавала абстаноўка душэўнага адзінства і сяброўства, якога ніколі раней не сустракаў».

Асобна Дзядок спыніўся на тым, як яго затрымлівалі 11 лістапада 2020 году ў Сасновым.

Паводле Мікалая Дзядка, да яго ў кватэру праз балькон і дзьверы ўварваліся 7 чалавек у масках. «Выбілі іх за 5–6 сэкундаў». Падсудны мяркуе, што гэты былі супрацоўнікі САХРу і ГУБАЗіКу.

Паводле Дзядка, адны супрацоўнікі адразу пачалі яго біць, іншыя аглядалі памяшканьне.

«Білі за спробы варушыцца. Пагражалі. Білі кулакамі ў твар. Запатрабавалі пароль ад кампутара і пачалі душыць падушкай і абяцалі абас…ць». Мікалай сказаў, што праз хвіліну ўспомніў пароль і назваў.

На кватэру былі запрошаныя сьведкі зь ліку суседзяў. Але перад гэтым яго папярэдзілі, што калі пры сьведках будзе крычаць і скардзіцца, то потым будуць біць усю дарогу да Менску. Пры гэтым білі па рэбрах, прыгадаў Дзядок.

Паводле Дзядка, «кактэйль Молатава» яму падкінулі супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

«Калі мяне прывялі на кухню, там на стале ўжо стаяла бутэлька з жоўтай вадкасьцю. Побач былі сьведкі, яны пацьвердзілі, што бачылі, як бутэлькі вымалі з шафы. Супрацоўнік ГУБАЗІКу Тарасік і пры сьведках працягваў мяне біць употай», — сьцьвярджаў Мікалай Дзядок.

Падсудны заўважыў, што частка рэчаў, забраных у яго з кватэры, потым прапалі. Так, у вопісе не аказалася ягонай камэры Canon, гадзіньніка і адной тысячы рублёў. «Думаю, іх укралі супрацоўнікі», — заявіў Дзядок.

«Відэа мы запішам з болем ці без»

Мікалай Дзядок патлумачыў, адкуль узяўся відэазапіс, на якім ён прызнае віну ў падрыхтоўцы тэрактаў. Паводле падсуднага, яго прымусілі прызнацца ў гэтым на камэру пагрозамі, біцьцём і пярцовым газам.

«Гэтае відэа мы запішам, з болем ці без», — папярэджвалі яго супрацоўнікі. Спачатку ён не пагаджаўся, тады яго завялі ў кладоўку і пусьцілі туды газ, тады ён пагадзіўся.

«Але потым рабілі другі дубль. Малады супрацоўнік зноў распыліў газ 4 разы, проста ў вочы. Вярнулі ў кватэру і сказалі, што калі правільна скажу, дадуць умыцца. Палохалі электрашокерам», — згадаў Мікалай Дзядок.

Каля 1 гадзіны ночы з пасёлку Сасновы Мікалая Дзядка адвезьлі ў ГУБАЗіК. Ён быў у капюшоне. Яго паставілі на калені, выпытвалі пароль ад цьвёрдага дыска кампутара. Усе супрацоўнікі былі ў масках, але ён сьцьвярджае, што добра пазнаваў супрацоўніка па прозьвішчы Тарасік. Той пагражаў згвалціць яго дручком. Яго білі, пакуль ня даў пароль, але і потым білі, бо кампутарнік недакладна ўвёў пароль. У тым ліку білі па руцэ і пальцах.

«Адбілі мне пальцы. Я крычаў. Туды прыйшоў міліцыянт, мяркую, паставы. Спытаў, што тут адбываецца. Тады Тарасік паслаў яго матам», — успамінаў Мікалай Дзядок.

Паводле Дзядка, супрацоўнік Тарасік наступаў яму на твар, пакуль іншыя яго білі.

«Потым Тарасік сказаў, што стаміўся, і са словамі „Старасьць ня радасьць“ сеў за свой стол. І сказаў, што неўзабаве прыйдзе новая зьмена, і мяне зноў будуць біць», — прыгадаў Мікалай Дзядок.

Што адбылося з «кактэйлем Молатава»?

Паводле Мікалая Дзядка, супрацоўнік Тарасік пачаў засоўваць яму ў рот бутэлькі з жоўтай вадкасьцю і потым хаваў гэтыя бутэлькі ў пакеты. «Думаю, каб потым экспэртыза паказала, што я ўжываў нешта з гэтых бутэлек», — сказаў Дзядок.

Мікалай Дзядок згадаў, як яго паставілі каля чырвона-зялёнага сьцяга і прымусілі выбачацца. «Тарасік патрабаваў, каб я сказаў, што я чмо і гандон. Я адмовіўся. І яшчэ хацеў, каб я заплакаў на відэа. Але я не заплакаў. Потым гэтае відэа паказалі на БТ», — расказаў падсудны.

Перад адпраўкай у СІЗА Мікалая Дзядка, паводле яго, папярэджвалі, каб нічога не расказваў пра тое, што зь ім адбывалася пры затрыманьні ў ГУБАЗІКу.

«Казалі, што калі раскажу, дык з калёніі ня выйду, Будзе 411-ы артыкул і зробяць пеўнем. Тарасік сказаў, што калі адкрыю дзе рот, дык асабіста ўтопіць мяне ў парашы. „Ня выйдзеш з турмы“, папярэджваў», — успомніў Мікалай Дзядок.

«Грамадзяне маюць права на супраціў гвалту»

Пасьля гэтага расповеду Мікалай нагадаў, што яшчэ да падзей 2020 году ў ААН была зарэгістраваная ягоная скарга на парушэньні ягоных правоў і бесчалавечнае абыходжаньне ў турме. Паводле Дзядка, ягоны арышт у лістападзе мінулага году і тое, як зь ім абыходзіліся, асабліва ў ГУБАЗіКу, — помста за іншадумства і змаганьне за іншы лад жыцьця ў краіне.

Падчас допыту ў судзе Мікалай Дзядок паўтарыў, што не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, але лічыць, што грамадзяне маюць права на абарону сваіх правоў і супраціў гвалту і беззаконьню з боку карнікаў. Такімі Мікалай Дзядок лічыць супрацоўнікаў спэцслужбаў, МУС і пракуратуры, якія, на ягоную думку, «падтрымліваюць злачынны рэжым». Паводле Дзядка, менавіта беспадстаўны гвалт з боку сілавікоў стаў прычынай пратэстаў, якія часам набывалі формы рэальнага супраціву.

«Не прызнаю сябе вінаватым. Мая дзейнасьць насіла і будзе насіць асьветніцкі характар», — скончыў сваю прамову ў судзе Мікалай Дзядок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG