Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых супрацоўнікаў АНТ, якія страйкавалі падчас пратэстаў, выклікаюць на допыты ў СК


Пратэст каля сядзібы АНТ. Жнівень 2020
Пратэст каля сядзібы АНТ. Жнівень 2020

Былых супрацоўнікаў тэлеканалу АНТ, якія страйкавалі і звальняліся падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, выклікаюць на допыты ў Сьледчы камітэт

Пра гэта яны самі распавялі парталу TUT.BY. Усяго вядома пра выклікі на допыты прыкладна 20 былых супрацоўнікаў АНТ, некаторыя зь іх ужо былі на допытах, зь іх узялі падпіску пра неразгалошваньне.

Як распавялі TUT.BY былыя супрацоўнікі тэлеканалу, 24 і 25 чэрвеня на іх мабільныя тэлефоны пачалі тэлефанаваць сьледчыя, запрашаючы на допыты ў якасьці сьведкаў па неназванай крымінальнай справе. Некаторыя таксама атрымалі позвы ў СК па пошце.

Былая карэспандэнтка АНТ Натальля Максімава (Казей) распавяла выданьню, што тым, хто страйкаваў, а потым звольніўся, кіраўнік тэлеканалу Марат Маркаў пагражаў магчымым крымінальным перасьледам, калі яны будуць даваць інтэрвію пра сытуацыю на АНТ, а таксама казаў, што «не забудзе такога ўчынку ». Па словах Натальлі, яны сапраўды вельмі доўга не маглі знайсьці працу, у некаторых выпадках ужо новыя працадаўцы паведамлялі, што вымушаныя іх звольніць, інакш самі могуць сутыкнуцца з праблемамі.

Яшчэ адзін былы супрацоўнік каналу на ўмовах ананімнасьці распавёў TUT.BY, што ўсіх выклікаюць як сьведак, «але зразумела, што нехта ўсё ж стане абвінавачаным». Ён лічыць, што страйкоўцы не рабілі нічога супрацьзаконнага, паколькі страйк — гэта законнае права, але кажа, што стала ясна, што і журналістам будуць помсьціць, калі пачалі саджаць былых сілавікоў.

Прынамсі 80 чалавек з 300 супрацоўнікаў АНТ звольніліся з тэлеканалу пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году. Былыя супрацоўнікі распавядалі пра пагрозы і перасьлед з боку кіраўніка тэлеканала Маркава. Вядома, што ў гэты час у краіне працавала каманда расійскага тэлеканалу RT: яна рыхтавала матэрыялы для каналу «Беларусь 1».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG