Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) запусьціла сайт з падрабязнай інфармацыяй пра сытуацыю з правамі чалавека ў краіне, палітычных зьняволеных і намаганьні прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у злачынствах.
«Сайт belarus.fidh.org задуманы як усёабдымны рэсурс, які зьбірае актуальныя зьвесткі і статыстыку, а таксама прапануе аналіз і тлумачэньне парушэньняў правоў, у тым ліку з боку нашых партнэраў у Беларусі, такіх як „Вясна“. Сайт падае зьвесткі пра палітычных зьняволеных: праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў і іншых актывістаў, апісвае парушэньні правоў уразьлівых групаў насельніцтва, а таксама дакумэнтуе меры, якія прымаюцца дзеля прыцягненьня да адказнасьці за злачынствы рэжыму», — гаворыцца ў заяве FIDH.
Сайт складаецца з чатырох асноўных разьдзелаў, якія абнаўляюцца штодня і адлюстроўваюць апошнія падзеі ў ключавых галінах:
- маніторынг падзеяў і рэакцыі;
- выкрыцьцё злачынстваў;
- абарона праваабаронцаў;
- падтрымка ўразьлівых групаў.
У заяве адзначаюць, што рэжым Лукашэнкі дэманструе абуральную пагарду да правоў ня толькі актывістаў, а і дзяцей, жанчын, пэнсіянэраў, інвалідаў ды іншых сацыяльных групаў. Нягледзячы на мірны характар пратэстаў, сотні людзей былі затрыманыя, а часам і зьбітыя за тое, што проста дэманстравалі бел-чырвона-белы сьцяг — галоўны сымбаль дэмакратычнага руху.
Беларускія ўлады намагаюцца прызнаць нацыянальны сьцяг экстрэмісцкім і рыхтуюць адпаведныя пастановы. Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала Камітэту дзяржбясьпекі ўключыць нацыянальны сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь» у сьпіс забароненых. Калі ініцыятыву ўхваляць, гэта можа прывесьці да новай хвалі адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасьці.
«Мы будзем сачыць за разьвіцьцём сытуацыі і падтрымліваць тых, хто можа пацярпець ад абмежаваньняў свабоды слова ў сувязі з гэтым і іншымі законамі», — падкрэсьліваецца ў заяве Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.