Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка Ціханоўскага расказала пра ягоны настрой у першы дзень суду


Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — Дзьмітры Папоў (ня бачны за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч
Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — Дзьмітры Папоў (ня бачны за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч

Натальля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, ня можа расказваць ні акалічнасьці суду, ні крымінальнай справы, бо яна пад падпіскай аб неразгалошваньні. Але яна змагла перадаць некаторыя дэталі пра самога Сяргея пасьля першага дня закрытага судовага працэсу, які адбываецца ў СІЗА Гомля.

«Стан у Сяргея неблагі, духам ён ня падае, здаровы. Настроены рашуча на абарону сваіх правоў. Рэагуе на тое, што адбываецца, працэсуальным чынам — усё, што магу вам расказаць», — сказала Натальля Мацкевіч.

Працяг разгляду справы — заўтра, 25 чэрвеня.

Чакаецца, што справу Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка і іншых палітвязьняў разглядаць будуць як мінімум да 30 ліпеня.

24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым.

Што вядома пра справу і абвінавачаньне

Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся амаль праз год пасьля затрыманьня кожнага зь іх.

Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА ў Менску і Жодзіне, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суду. Першапачаткова Генпракуратура і Вярхоўны суд, куды перадалі матэрыялы пасьля завяршэньня сьледзтва, паведамлялі, што працэс мае прайсьці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе ня толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомля. Ніякіх афіцыйных тлумачэньняў гэтаму няма.

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў. Яе зьмест абвінавачаныя вывучалі на працягу кастрычніка. Мікола Статкевіч рабіць гэта адмовіўся амаль адразу, назваўшы ўсе абвінавачаньні беспадстаўнымі.

Дакладна нават не вядома, у чым абвінавачваюць кожнага з падсудных. Адвакаты ўсіх іх пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня могуць раскрываць дэталі матэрыялаў справы і працэсу.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы на адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і збройным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Пры гэтым адвакат Лосіка нават ня мае права назваць трэці артыкул абвінавачваньня, які Ігару дадалі ўвесну.

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў.

Дагэтуль незразумела, што зьвязвае некаторых абвінавачаных. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч у размове са Свабодай падкрэсьлівала, што з усіх пяці чалавек, з кім Статкевіч аказаўся на адной лаве падсудных, ён асабіста знаёмы толькі зь Сяргеем Ціханоўскім. І то іх знаёмства нельга назваць блізкім. Ігар Лосік таксама да суду ня меў кантактаў зь іншымі абвінавачанымі. Адносна блізкія кантакты аб’ядноўваюць толькі Сяргея Ціханоўскага і Дзьмітрыя Папова з Арцёмам Сакавым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG