Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 24 чэрвеня: жлобінца асудзілі да 3 гадоў калёніі за заклік здымаць грошы з рахункаў міліцыянтаў


Гомельскі абласны суд
Гомельскі абласны суд

Мужчына зрабіў рэпост відэароліку пра штучны інтэлект і АМАП, а таксама заклікаў аддаць грошы сілавікоў тым, хто жыве ў нястачы.

3 года калёніі за рэпост і камэнтар пад відэа

24 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе асудзілі Сяргея Трэшчанку за «распальваньне сацыяльнай варажнечы» па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Справу вёў судзьдзя Анатоль Сотнікаў, бок дзяржабвінавачаньня падтрымліваў Юры Мохараў.

Паводле абвінавачаньня, 24 верасьня 2020 году, знаходзячыся ў Жлобіне, мужчына «з дапамогай мабільнага тэлефону наўмысна і супрацьпраўна разьмясьціў на сваёй пэрсанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» спасылку на відэаролік «Штучны інтэлект здымае маскі з АМАПу» са сваім камэнтаром:

«Хлопцы, вычысьціце ўсе грошы з усіх рахункаў гэтых мр*зяў, аформіце на іх крэдыты, а грошы пералічыце ў дзіцячыя дамы, шматдзетным, малазабясьпечаным, усім, хто жыве ў нястачы. Вось гэта будзе бомба!»

Трэшчанка на пазьнейшых допытах паказаў, што «разьмешчаны матэрыял, у тым ліку камэнтар, былі накіраваныя на тое, каб усе ўбачылі, што ў сыстэме МУС ёсьць праблемы, якія трэба вырашаць». Пракурор жа прыйшоў да высновы, што гэта сьведчыць аб тым, што падсудны «прытрымліваецца ідэі сацыяльнай нецярпімасьці да прадстаўнікоў улады», а таму папрасіў суд прызначыць Трэшчанку пакараньне на 3,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Судзьдзя Сотнікаў прызнаў Сяргея Трэшчанку вінаватым і прызначыў яму 3 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абвінавачваны знаходзіцца пад вартай ад 24 сакавіка 2021 году. У СІЗА Трэшчанка стаіць на прафіляктычным уліку як «асоба, схільная да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю, праяваў агрэсіі», і як «асоба, схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG