17-гадоваму Мікіту Залатарову, якога асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за нібыта «масавыя беспарадкі», інкрымінуюць «гвалт над міліцыяй» — напад на канвой у гомельскім СІЗА-3.
Расьсьледаваньне новай крымінальнай справы скончана, яе перадалі пракурору для накіраваньня ў суд. У пастанове аб накіраваньні справы пракурору гаворыцца, што Мікіта Залатароў «пэўных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхаваньня ня стаў».
«21 сакавіка Залатароў, які знаходзіўся ў службовым кабінэце псыхалягічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў установы і прайсьці ў камэру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізычную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверху. Аднак непаўналетні зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі», — пішацца ў абвінавачаньні. Таксама падлетак, на думку сьледзтва, выказаў пагрозы гвалту ў бок супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.
Тата Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў пракамэнтаваў новую справу:
«У гэтых трох лістах пастановы аб накіраваньні справы пракурору адлюстрована ўсе нямогласьць і подласьць улады. Хачу нагадаць, што мой сын – не злачынца, а закладнік»
Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлем Молатава»).
Падчас утрыманьня ў СІЗА падлетак, які хварэе на эпілепсію, скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты палітычны, здохнеш».
Яго пакаралі пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. Цяпер Мікіта ў гомельскім СІЗА. Праз новую крымінальную справу яго дагэтуль не накіравалі адбываць пакараньне ў калёнію. Непаўналетняга чакае сьледзтва, суд і новы тэрмін.