МУС, якое зьяўляецца пазоўнікам на працэсе, да пачатку судовага паседжаньня падала хадайніцтва аб закрыцьці працэсу «з мэтай прадухіленьня распаўсюду інфармацыі, якая зьмяшчаецца ў матэрыялах справы». Як паведамляе Tut.by, судзьдзя задаволіў хадайніцтва. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Грамадзянскі працэс ідзе па заяве Міністэрства ўнутраных спраў, якое просіць прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы, разьмешчаныя на партале Tut.by і ў яго акаўнтах у сацыяльных сетках. Працэс вядзе намесьніца старшыні суду Цэнтральнага раёну ў грамадзянскіх справах Тацяна Скопец. Інтарэсы Tut.by прадстаўляе адвакат Марыя Анапольская. Прадстаўнік МУС Аляксандар Крывулін.
Зацікаўленымі асобамі прызнаныя ТАА «Тут Бай Медыа» і Міністэрства інфармацыі.
Як сказала адвакатка Марыя Анапольская, разгляд справы прыпынены на няпэўны тэрмін. Суд асобна паведаміць, калі адновіцца працэс.
Была пададзена заява аб абскарджаньні дзеяньняў камісіі, якая выносіла экспэртнае заключэньне. Яго будзе разглядаць Эканамічны суд 6 ліпеня.
У пазове МУС адзначаецца, што ў ходзе маніторынгу інтэрнэту ў лютым гэтага года на партале і ў сацсетках былі знойдзеныя «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры іх аналізе «выяўлены прыкметы экстрэмізму».
Міністэрства накіравала матэрыялы ў Рэспубліканскую экспэртную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 21 траўня яе заключэньне паступіла ў галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.
У заключэньні камісіі згаданыя ў якасьці экспэртаў прафэсар катэдры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандр Іваноўскі і начальніца аддзелу аналізу маўленьня і эканамічных дасьледаваньняў Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Тацяна Лапуніна.
Экспэртнае заключэньне займае больш за 60 старонак, яшчэ каля 300 — дадаткі(у іх уваходзіць пералік вывучаных матэрыялаў). Прааналізавалі публікацыі за пэрыяд са жніўня 2020-га па люты 2021 году.
Згодна з заключэньнем камісіі, гаворыцца ў заяве МУС, «дзеяньні інфармацыйнага рэсурсу Тut.by у інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньні магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сфэрах і, такім чынам, нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Камісія таксама палічыла, што ў разьмешчаных на Тut.by матэрыялах зьмяшчаюцца «лінгвістычныя прыкметы высьмейваньня і абразы, нэгатыўная ацэнка дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асобаў, што вылучаюцца па прафэсійнай прыкмеце».
МУС просіць Мінінфарм уключыць матэрыялы парталу ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і зрабіць захады для абмежаваньня доступу да яго інфармацыйнай прадукцыі, люстраных вэрсіяў сайту і аналягаў зь іншымі URL-адрасамі.
Tut.by абскардзіў дзеяньні камісіі па вынясеньні экспэртнага заключэньня аб прызнаньні прадукцыі парталу і сацсетак выданьня экстрэмісцкімі. Пасяджэньне па скарзе пройдзе 6 ліпеня ў Эканамічным судзе, паведамляе партал.
18 траўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў ператрусы ў рэдакцыі Тut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненьні да службовых асоб Тut.by распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Затрымалі 15 чалавек. Практычна адначасова на падставе звароту Генэральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта Тut.by і яго «люстэркаў».
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.