Расейскія вайскоўцы адкрылі папераджальны агонь па курсе брытанскага эсьмінца «Дэфэндэр» паблізу анэксаванага Расеяй у 2014 годзе Крыму, інфармуе ВВС.
Расейскія самалёты-бамбавікі выкарысталі чатыры аскепкава-фугасныя авіябомбы, заявілі ў міністэрстве абароны Расеі. Эсьмінец зьмяніў курс.
Як паведамілі ў расейскім міністэрстве абароны, інцыдэнт адбыўся ў Чорным моры ў раёне мыса Фіялент. «Эсьмінец быў папярэджаны пра ўжываньне зброі ў выпадку парушэньня дзяржаўнай мяжы Расейскай Фэдэрацыі. На папярэджаньне не адрэагаваў», — гаворыцца ў заяве.
З прычыны інцыдэнту ў міністэрства абароны Расеі быў выкліканы вайсковы аташэ Вялікабрытаніі ў Маскве.
У 12:06 і 12:08 пагранічны вартавы карабель выканаў папераджальную стральбу, а ў 00:19 самалёт Су-24М выканаў папераджальнае бамбакіданьне па курсе руху эсьмінца «Дэфэндэр», заявілі расійскія вайскоўцы.
Расейскія бамбавікі, як сьцьвярджаецца, выкарысталі чатыры аскепкава-фугасныя авіябомбы для стрыманьня дзеяньняў брытанскага карабля, удакладняецца ў паведамленьні.
«У 12:23 сумеснымі дзеяньнямі Чарнаморскага флёту і памежнай службы ФСБ Расеі эсьмінец „Дефендер“ пакінуў межы тэрытарыяльнага мора Расейскай Фэдэрацыі», — сьцьвярджаюць у мінабароны Расеі.
Аднак міністэрства абароны Вялікабрытаніі заявіла, што ніякіх стрэлаў у бок эсьмінца, які рабіў рэйд праз украінскія тэрытарыяльныя воды ў адпаведнасьці зь міжнароным заканадаўствам, не было.
Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба, у сваю чаргу, заявіў, што гэты інцыдэнт чарговы раз паказвае агрэсіўную і правакацыйную палітыку Расеі ў рэгіёне Чорнага мора.
14 чэрвеня Нацыянальны цэнтар кіраваньня абаронай Расеі паведаміў, што расейскі флёт пачаў адсочваць дзеяньні эсьмінца «Дэфэндэр» ВМС Вялікабрытаніі і фрэгата «Эвэртан» ВМС Нідэрляндаў, якія зайшлі ў акваторыю Чорнага мора.
Прэс-служба Міністэрства абароны Ўкраіны ў сераду паведамляла, што на «Дэфэндэры» праводзілі сумесную трэніроўку байцы сіл спэцыяльных апэрацый Украіны, Вялікабрытаніі і ЗША. Яны адпрацоўвалі абардажным дзеяньні, заявілі ў міністэрстве.
З 28 чэрвеня па 10 ліпеня ў Чорным моры павінны прайсьці сумесныя вучэньні вайскоўцаў Украіны і NATO Sea Breeze.