На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Сярод іншых у санкцыйным сьпісе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Сьвялана Любецкая — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, займалася прыняцьцем новага Адміністрацыйнага кодэксу, які дазваляе адвольныя затрыманьні грамадзянаў і павышае адказнасьць за ўдзел у масавых мерапрыемствах.
А вось так Сьвятлана Любецкая выказвалася наконт нацыянальнай сымболікі:
«Нацыянальная сымболіка адлюстроўвае гістарычныя, духоўныя, маральныя пазыцыі ў грамадзтве. І на сёньняшні дзень, калі ёсьць нейкія пажаданьні аб зьмене гэтых падыходаў, то натуральна, што яны павінны быць выключна ў прававым рэчышчы. І калі аднойчы грамадзяне выказаліся на рэфэрэндуме аб сваім бачаньні і падыходах да дзяржаўнай сымболікі, то лягічна было б, што якія-небудзь карэкціроўкі ў гэтай справе таксама мусілі адбывацца толькі ў такім агульнанацыянальным маштабе».
Цяпер жа бел-чырвона-белую сымболіку хочуць прызнаць па-за законам.
Аляксей Ягораў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра камісіі па заканадаўстве, якая прымала новы Адміністрацыйны кодэкс.
Дэпутат наракаў, што ў навучальных установах бракуе ідэалёгіі:
«Мы ўпусьцілі сэгмэнт ідэалягічнай работы ў навучальных установах, — гаварыў намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Аляксей Ягораў. — А кожны выкладчык нясе пэўную ідэалёгію, калі дае ацэнку нейкаму факту або падзеі».
У лістападзе жыхары Віцебску ў акрузе, дзе балатаваўся Аляксей Ягораў спрабавалі сабраць подпісы за яго адкліканьне, але гэтага не адбылося.
Аляксандар Амельянюк — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра камісіі па заканадаўстве, якая прымала новы Адміністрацыйны кодэкс. Аляксандра Амельянюка хацелі таксама адклікаць жыхары Пінску, пасьля гэтага на іх пачаўся ціск.