Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі сям’ю за налепку «Пагоні» на акне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца затрыманьні людзей за выказваньне імі грамадзянскай пазыцыі. Нярэдка церпяць сваякі і знаёмыя, не датычныя да справы.

Штурм кватэры з прымяненьнем газу за налепку з гістарычным гербам

19 чэрвеня міліцыянты прыйшлі ў кватэру сям’і Скаргі ў менскім мікрараёне Серабранка. Магчыма, з прычыны налепкі з гербам «Пагоня» на акне ў пакоі дачкі Яны, піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае». Як расказалі суседзі, у момант прыходу сілавікоў дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусьцілі ў яе газ, чым прымусілі мужчыну адчыніць дзьверы.

ГУУС Менску ў сваім тэлеграм-канале інфармацыю пра ўжыцьцё газу абвяргае.

Жонка Сьвятлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёну, каб даведацца, што з мужам. Там яе таксама затрымалі, а дачцэ Яне з тэлефона Сьвятланы паведамілі, што маму ня выпусьцяць, пакуль яна не прыедзе. Дзяўчына паехала ў Ленінскае РУУС, дзе затрымалі і яе. А маці павезьлі на ператрус у кватэру.

Раніцай у нядзелю 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу зь дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі — на месцы сустрэчы апынуліся міліцыянты. Ярошкіна асудзілі на 15 сутак, меркавана, паводле артыкула 19.3 КаАП (зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня).

На Алега Скаргу склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі два супрацоўнікі Ленінскага РУУС, каб даць паказаньні супраць яго. На судзе Алег заявіў, што раскайваецца і прызнае віну. У выніку судзьдзя Інчына накіравала справу на дапрацоўку.

Паводле папярэдняй інфармацыі, усю сям’ю Скаргаў урэшце выпусьцілі на свабоду.

Сталічная міліцыя пацьвердзіла затрыманьне Алега і Андрэя, а Сьвятлану і Яну, па зьвестках ведамства, не затрымлівалі. Інфармацыю аб прымяненьні газу міліцыя таксама абвяргае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG