Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні суду аб «экстрэмізьме» рэдактары незалежных СМІ выказаліся ў падтрымку Tut.by


Рэдакцыя Tut.by цяпер апячатаная. Архіўнае фота
Рэдакцыя Tut.by цяпер апячатаная. Архіўнае фота

24 чэрвеня суд разгледзіць зварот Міністэрства ўнутраных спраў аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыялаў парталу Tut.by. Ад гэтага працэсу будзе залежаць, ці страціць Беларусь адзін зь вядучых рэсурсаў, які фіксуе значную частку гісторыі краіны пэрыяду яе незалежнасьці.

Ад 18 траўня рэдакцыйны сайт заблякаваны, а 15 супрацоўнікаў кампаніі затрыманыя паводле крымінальнай справы. Tut.by працягвае працаваць у сацсетках.

Рэдактары і кіраўнікі беларускіх незалежных агенцтваў і выданьняў падзяліліся, якую ролю партал адыграў на рынку мэдыя і што для незалежных газэт і навінавых сайтаў будзе азначаць прызнаньне яго экстрэмісцкім.

Tut.by — як кубак кавы па раніцах

Такія кампаніі заўсёды спрыяюць разьвіцьцю сваёй сфэры, таму што задаюць высокі ўзровень, да якога падцягваюцца астатнія, лічыць генэральная дырэктарка агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

«Tut.by — ня проста кампанія і ня проста СМІ. Гэта нешта большае — як кубак кавы па раніцах, нешта з катэгорыі першай неабходнасьці. Як выказаўся адзін наш калега, „я кожную раніцу адчуваю фантомны боль, па звычцы спрабуючы зайсьці на Tut.by“. Я нават цяпер, празь месяц, аўтаматычна спрабую гэта зрабіць. Разгром Tut.by — яшчэ адзін паказьнік таго, наколькі ўлада перастала чуць і разумець грамадзтва. Але людзі ўсё роўна чытаюць навіны, толькі цяпер у Telegram. Я ўпэўнена, што партал адродзіцца. Урэшце, гэта калектыў, а ня проста назва. Калектыў зьбярэцца пры першай жа магчымасьці», — падсумавала Ірына Леўшына.

Партал ускладняў канкурэнцыю

Дзякуючы працы Tut.by, людзі пераключыліся на беларускі парадак дня і пачалі чытаць інфармацыю аб рэаліях і праблемах у сваёй краіне, а не ў Расеі, кажа галоўны рэдактар выданьня «Наша Нiва» Ягор Марціновіч.

«Унікальны выпадак, калі ў небагатай краіне, суседцы імпэрыі, выйграў нацыянальны прадукт, а не міжнародная карпарацыя. Унёсак Tut.by быў бы яшчэ большы, калі б партал актыўней забясьпечваў раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў... Тым ня меней, улада нагадвае: мы можам ня проста зьнішчыць, калі палічым мэтазгодным, а і паспрабуем сьцерці ўсю памяць. Але выдаліць усе спасылкі і артыкулы рэсурсу, які быў інфармацыйным манапалістам, — велізарная і бессэнсоўная праца. Такія спасылкі ёсьць і на сайтах дзяржСМІ, ведамстваў. Дый проста сотні тысяч чалавек рэпосьцілі інфармацыю. Прыцягваць іх да адказнасьці — шкодніцтва на дзяржаўным узроўні», — сказаў Ягор Марціновіч.

Практычна забарона на прафэсію

Tut.by быў і застаецца безумоўным лідэрам і ўзорам прафэсіяналізму на мэдыйным рынку Беларусі, кажа галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.

«Калі Tut.by прызнаюць экстрэмісцкім, гэта стане сыгналам, што сытуацыя з журналістыкай і свабодай слова ў краіне крытычная. Яна ў найноўшай гісторыі Беларусі заставалася складанай больш за чвэрць стагодзьдзя. Але тое, што адбываецца апошнім часам, жахліва. Практычна забарона на прафэсію: туды не хадзі, гэта не здымай, пра гэта не пішы. Рызыкі вельмі высокія. Гэта закране і звычайных грамадзян, якія калісьці разьмясьцілі на сваіх старонках інфармацыю, зьвязаную з Tut.by. Зыходзячы зь дзікай хады сёньняшніх падзеяў, можна пайсьці ў заклад: ці ўбачаць тыя, хто яшчэ будзе заставацца на волі, вогнішчы з падшывак газэт са згадваньнем Tut.by і фота зь бел-чырвона-белымі сьцягамі», — сумна іранізуе Віктар Марчук.

Галоўнае — нашы чытачы і салідарнасьць

Шмат гадоў кожны ранак пачынаўся з прагляду Tut.by, і цяпер гэтага вельмі не хапае, кажа галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб.

«Па вялікім рахунку, ня мае асаблівага значэньня — прызнаюць ці не прызнаюць партал экстрэмісцкім. Бо існаваньне ўсёй гэтай сыстэмы, якая спрабуе забіць усё жывое і годнае, — таксама пытаньне часу і магчымасьцяў. Сёньня куды ні кінь вокам, паўсюль „экстрэмізм“, бо гэтым тэрмінам зараз узнагароджваюць усіх, хто нязгодны і хто здольны думаць. Таму, што б ні прыдумлялі тыя, хто лічыць сябе ўладай, як бы ні стараліся прыдушыць вольнае слова, нічога ў іх не атрымаецца. Бо галоўнае, што ў нас ёсьць, — чытачы і салідарнасьць», — кажа Аксана Колб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG