Робэрт ван Ворэн — галоўны выканаўчы дырэктар арганізацыі «Правы чалавека ў галіне псыхічнага здароўя» (FGIP), прафэсар паліталёгіі ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне і дзяржаўным унівэрсытэце Ільлі ў Тбілісі, а таксама дырэктар дасьледчага цэнтру дэмакратычнага разьвіцьця імя Андрэя Сахарава пры ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага.
Што такое «Самадапамога»?
Праект «Самадапамога» быў створаны, каб зьменшыць нэгатыўны ўплыў наступстваў пандэміі, а ў выпадку зь Беларусьсю — каб дапамагчы пацярпелым і самім спэцыялістам, якія тую дапамогу аказваюць.
«Гэта было неўзабаве пасьля жнівеньскіх падзей. У верасьні ці пачатку кастрычніка нам стала ясна, што трэба дапамагчы ня толькі пацярпелым, але і псыхолягам і псыхіятрам, якія дапамагалі ў Беларусі, а самі ня мелі магчымасьці праходзіць супэрвізію, і ў якіх пачаліся першыя прыкметы выгараньня. Мы разумелі, што дапамога калегам у і іншых расейскамоўных краінах была б вельмі патрэбная, — кажа Робэрт ван Ворэн. — Усё гэта было на падставе нашага досьведу працы ва Ўкраіне, падчас Майдану, калі працавала псыхалягічная служба. І там з самімі псыхолягамі ніхто не займаўся, бо не была створаная сыстэма супэрвізіі. Мы паспрабавалі цяпер не рабіць такую ж памылку».
Сыстэма «Самадапамогі» даступная для ўсіх, незалежна ад месцазнаходжаньня. На сайце праекту створаныя разьдзелы, дзе можна праверыць свой псыхалягічны стан з дапамогай адмысловых тэстаў, знайсьці інфармацыю, як абараніць сваю псыхіку, захаваць псыхалягічнае здароўе, а таксама — як дапамагчы сабе самому, калі ўзьнікае дэпрэсія, паніка і іншыя віды псыхічных праблем.
«Таксама ёсьць інфармацыя, куды зьвяртацца, калі ў вас ёсьць праблемы, якім вы самі ўжо не даяце рады. Вы можаце зарэгістравацца, зрабіць сабе акаўнт. Калі вы пазначыце, што вы зь Беларусі, зьявіцца сьпіс людзей, якія могуць вам дапамагчы, кароткая інфармацыя пра іх і кантакты, празь якія вы можаце зь імі зьвязацца з дапамогай Signal ці Telegram (можна і тэлефанаваць, і проста напісаць). Там працуюць высокакваліфікаваныя спэцыялісты, і гэтая служба бясплатная».
Спэцыялісты падзяляюцца на дзьве групы: кансультанты, якія дапамагаюць кліентам, і супэрвізары, якія дапамагаюць прафэсіяналам у галіне псыхічнага здароўя. Акрамя сайта, ёсьць яшчэ тэлеграм-канал і старонка ў фэйсбуку, дзе публікуюць карысную інфармацыю па псыхалягічным здароўі. Таму зьвярнуцца па дапамогу можна таксама праз мэсэнджар ці напісаўшы на пошту samopomoch6@gmail.com.
«У людзей, якія ўжо мелі псыхалягічныя праблемы, стан значна пагаршаецца праз сытуацыю ў краіне»
«Колькі будзе доўжыцца тэрапія, залежыць ад сытуацыі. Нашы спэцыялісты працуюць менавіта ў галіне псыхічнай траўматалёгіі. Звычайна хапае шасьці сэансаў, але калі чалавеку трэба больш, тады будзе больш, бо ўсё, што мы хочам, — дапамагаць людзям у экстрэмальных сытуацыях».
Робэрт кажа, што людзі зьвяртаюцца да спэцыялістаў з рознымі праблемамі.
«Індывідуальныя выпадкі, звычайна, — гэта паніка, панічныя атакі, дэпрэсіі, абсэсіўнае расстройства. Часам у людзей, якія ўжо мелі псыхалягічныя праблемы, стан значна пагаршаецца праз сытуацыю ў краіне. Што да прафэсіяналаў, то самая галоўная праблема — выгараньне, бо занадта шмат кліентаў, занадта шмат страшных сытуацый, і яны ўжо самі ня могуць даць рады».
Увогуле сытуацыя ў Беларусі моцна ўплывае на псыхалягічны стан усіх людзей, лічыць прафэсар.
«Я думаю, уся краіна цяпер у вельмі стрэсавай сытуацыі. Праблема ў тым, што гэта ня толькі праз палітычныя падзеі, але ёсьць і пандэмія. Атрымліваецца такая камбінацыя, адразу два ўдары, і гэта вельмі сур’ёзна. Я думаю, што ў будучыні псыхалягічныя праблемы ў Беларусі будуць досыць доўга, нават калі вырашыцца палітычная сытуацыя. Я аптыміст, але, як я бачу, Лукашэнка наогул ня лічыць патрэбным сысьці, усё толькі горш і горш. Таму я думаю, што ціск на псыхалягічныя і псыхіятрычныя службы будзе павялічвацца. Нас гэта вельмі хвалюе, бо спэцыялістам не даюць магчымасьці нармальна працаваць, яны вымушаныя закрываць свае кабінэты і эміграваць у іншыя краіны».
Робэрт таксама адзначае, што ўзроставых абмежаваньняў для звароту па дапамогу няма.
«Вядома, дзеці, падлеткі маюць патрэбу ў асаблівай дапамозе, гэта адмысловая спэцыялізацыя, але ім мы таксама аказваем падтрымку. Мы цяпер навучаем прафэсіяналаў і ў Беларусі, і тых, хто працуе ў выгнаньні, па спэцыяльнасьці траўматалёгія, каб людзей, якія могуць дапамагаць, станавілася больш. У гэтым курсе ёсьць адмысловы блёк пра дапамогу менавіта дзецям і падлеткам, бо сытуацыя ў краіне моцна на іх уплывае. Калі цяпер не займацца імі, то ў будучыні, калі яны вырастуць, могуць паўстаць і іншыя праблемы».
«Людзі больш адкрыта гавораць пра свае праблемы»
Прафэсар заўважае, што стаўленьне людзей у Беларусі да псыхалёгіі зьмянілася, асабліва за апошнія пару месяцаў.
«Мы заўважылі, што спачатку людзі не хацелі казаць, што ў іх ёсьць праблемы, не хацелі прызнацца. Яны зьмірыліся з сытуацыяй, бо ўжо ня ведаюць, што рабіць, таму што пра свае псыхалягічныя праблемы прынята не размаўляць, і гэта вялікая розьніца з Украінай. Можа, таму, што ва Ўкраіне мы столькі гадоў інтэнсіўна працавалі, там усё ж такі стыгма меншая, людзі хутчэй і больш адкрыта гавораць пра свае праблемы. Апошнія два месяцы мы бачым, што ў Беларусі сытуацыя мяняецца, людзі пачынаюць разумець, што гэта на самой справе таксама іх тычыцца».
Робэрт ван Ворэн кажа, што раней тэлеграм-каналы нават неахвотна адгукаліся на просьбу паведаміць пра існаваньне іх праекту.
«Цяпер гэта мяняецца, усе разумеюць, тым больш пасьля захопу Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, што на самой справе гэта тычыцца нас усіх. Мы таксама бачым рост карыстаньня нашым сайтам, павялічылася колькасьць падпісчыкаў у фэйсбуку і тэлеграме».
Таксама каманда праекту стварае шмат відэакантэнту.
Вось што раіць прафэсар, каб дапамагчы свайму блізкаму, калі той у цяжкім стане.
«Я думаю, што адзін з самых галоўных момантаў — гэта пачуць. Трэба даваць чалавеку магчымасьць гаварыць пра тое, што адбываецца, выказваць свае пачуцьці. У чалавека могуць быць хворыя, нядобрыя думкі, паводзіны, можа, ён перажыў вельмі складаныя моманты, і пазбавіцца ад гэтага дапаможа размова з блізкім чалавекам, — кажа прафэсар. — Трэба ствараць тэрапэўтычны клімат, каб чалавек адчуваў сябе свабодным, не саромеўся выказаць свае ўнутраныя пачуцьці. І калі гэты працэс запушчаны, можна ўжо параіць і сайт „Самадапамогі“, там рабіць адмысловыя тэсты, каб зразумець, што з вамі адбываецца, там ёсьць інфармацыя, і галоўнае — спэцыялісты, якія дапамогуць».