Сьвятлана Ціханоўская накіравала ў Адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна сваю пазыцыю аб сытуацыі ў Беларусі. Пазыцыя складаецца з 5 галоўных пастулатаў:
- Лукашэнка нелегітымны і павінен пакінуць пасаду;
- выбары прэзыдэнта Беларусі мусяць прайсьці ў 2021 годзе;
- пратэст у Беларусі не геапалітычны;
- замест падтрымкі рэжыму Расея яшчэ можа стаць часткай вырашэньня крызісу ў Беларусі;
- незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі ня могуць быць прадметам гандлю.
16 чэрвеня прэзыдэнты ЗША і Расеі Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін сустрэнуцца ў швайцарскай Жэнэве. На сустрэчы Байдэн мае намер падняць пытаньне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасьць амэрыканскага боку сытуацыяй у краіне.
25 траўня, камэнтуючы скандал вакол пасадкі самалёта Ryanair у Менску, Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты рашучым чынам асуджаюць перанакіраваньне рэйсу Ryanair і затрыманьне журналіста Рамана Пратасевіча. Паводле яго, ЗША разам з краінамі ўсяго сьвету заклікаюць да вызваленьня Пратасевіча, а таксама сотняў іншых палітвязьняў, «якія несправядліва ўтрымлiваюцца пад вартай рэжымам Лукашэнкі».