У сваім пасланьні Бурэль піша, што ў найбліжэйшы час ЭЗ плянуе прыняць санкцыйныя рашэньні ў дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Пра гэта Павел Латушка расказаў у эфіры «Настоящего времени».
Пры гэтым кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня адзначыў, што акцыі пратэсту працягваюцца ў іншых прымежных краінах, актывісты «не спыняюць свае патрабаваньні» і будуць «далей на іх настойваць».
«На жаль, улады Латвіі не далі згоды на правядзеньне акцый каля мяжы, таму беларуская дыяспара сабралася ў цэнтры Рыгі. Таксама нашы калегі ў Літве працягваюць пратэстную актыўнасьць. Пры нашай падтрымцы далучылася Ўкраіна, — расказаў Латушка.
Ён дадаў, што ў суботу пратэстныя акцыі на мяжы Польшчы і Беларусі праходзілі адразу на чатырох пунктах пропуску: Баброўнікі, Тэрэспаль, Кукурыкі і Кузьніца. Таксама ён адзначыў, што „самыя маштабныя і масавыя мерапрыемствы“ доўжыліся 8 дзён і праходзілі на памежным пераходзе Баброўнікі.
Акрамя атрымання ліста Бурэля, у якім гаворыцца аб хуткім увядзеньні санкцый супраць Беларусі, Латушка адзначыў, што на мінулым тыдні была апублікаваная рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, якая ўключае таксама прапановы дэпутатаў па санкцыях.
«Гэта і пэрсанальныя сьпісы, якія тычацца пракурораў, судзьдзяў, выбарчых камісій, іх удзельнікаў, якія фальсыфікавалі выбары, прапагандыстаў. Успамінаецца Марат Маркаў, які браў інтэрвію, калі яго можна такім назваць, у Рамана Пратасевіча, — тлумачыць Латушка. — Паводле нашых кантактаў, на гэтым тыдні плянуецца папярэдне агучыць сьпіс санкцый, а ўжо 21 чэрвеня на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў юрыдычна яго аформіць».