Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выйшла кніга пра падзеі ў Беларусі ў жніўні–сьнежні 2020 году


Фрвгмэнт вокладкі кнігі Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020
Фрвгмэнт вокладкі кнігі Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020

Варшаўскі фонд Ośrodek Karta выдаў кнігу «Марш Беларусі. Жнівень–сьнежань 2020» (Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020). Выданьне падрабязна апісвае падзеі пасьля сфальсыфікаваных рэжымам Лукашэнкі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

«Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020» ня першая кніга пра Беларусь, якая пабачыла сьвет у гэтай навукова-дасьледчай установе, перадае «Польскае радыё».

«Тое, што мы амаль адразу пасьля абнародаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году пачалі зьбіраць сьведчаньні пра паўстаньне беларускага грамадзтва, не было выпадковасьцю. Мы адсочваем падзеі ў Беларусі даўно, яшчэ з 1996 году. Тады разам з газэтай „Наша ніва“ выдалі ў Варшаве па-беларуску кнігу „Менская вясна – 1996. Кронiка, дакумэнты, сьведчаньнi“. Мы яе перакідвалі ў Беларусь, бо немагчыма было надрукавацца у Менску», — успаспамінае Збігнеў Глюза, старшыня праўленьня і галоўны рэдактар фонду Ośrodek Karta.

Ён робіць выснову пра тое, чаго можна было чакаць летась 9 жніўня, калі Цэнтравыбаркам Беларусі абвясьціў пра «перамогу» Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

«Простым вокам было відаць, што гэта няпраўда, што вынікі сфальсыфікавалі. У той жа момант мы ў фондзе Ośrodek Karta былі перакананыя, што гэта паваротны момант у гісторыі Беларусі. І вырашылі дакумэнтаваць тыя падзеі, адразу пачалі зьбіраць матэрыялы. Гэту дакумэнтацыю мы вырашылі скончыць сьнежнем 2020 году, нягледзячы на тое, што наступствы маршаў нагадвалі пра сябе і ў пачатку 2021-га».

Збігнеў Глюза ва ўступе да кнігі «Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020» адзначае тое, што робіць беларускія падзеі незвычайнымі ў кантэксьце гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

«Гэта трэцяя, наймацнейшая хваля паўстаньня на постсавецкай прасторы. І ў пэрспэктыве дзесяцігодзьдзяў відаць, што гэты працэс узмацняецца.
Тое, што адбывалася некалькіх месяцаў ва ўсёй Беларусі, ва ўсім грамадзтве, мае такое ж значэньне, як дзейнасьць „Салідарнасьці“ ў Польшчы ў жніўні 1980 году і Майдан у Кіеве на рубяжы 2013–2014 гадоў. Беларускія падзеі — гэта чарговы этап аднаго працэсу. І кніга „Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020“ паказвае бандытызм фальшывага прэзыдэнта Лукашэнкі і яго структур, усіх тых прадажных людзей, якія робяць д’ябальскія ўчынкі дзеля свайго становішча ў сыстэме», — падсумоўвае Збігнеў Глюза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG