Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джо Байдэн 10 чэрвеня зьбіраецца абнародаваць «вакцынны плян» для сьвету. Пра гэта ён паведаміў у сераду перад эўрапейскім турнэ, падчас якога ён возьме ўдзел у самітах «вялікай сямёркі», NATO, Эўрапейскага Зьвязу і правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Як паведаміла Нацыянальнае грамадзкае радыё з спасылкай на свае крыніцы ў атачэньні Байдэна, у плянах прэзыдэнта ахвяраваць 500 мільёнаў дозаў вакцыны Pfizer ад COVID-19.
Іх перададуць Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая будзе разьмяркоўваць іх сярод краінаў, якія ня маюць сродкаў для закупкі вакцын.
Раней Байдэн ужо паабяцаў выдзеліць 80 мільёнаў доз вакцыны такім краінам.