Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любая просьба аб памілаваньні — гэта прызнаньне віны, свайго „злачынства“», — Бяляцкі


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Праваабаронца і былы палітзьняволены Алесь Бяляцкі разважае, ці варта палітычным вязьням падпісваць просьбу аб памілаваньні, заяўляе, што пагроза санкцыяў эфэктыўна працуе, і кажа, якім павінен быць адказ Захаду на магчымае вызваленьне палітвязьняў.

Сьцісла

  • Я ніколі не асуджаю тых, хто зьбіраецца падпісваць просьбу аб памілаваньні.
  • У 2011 годзе пасьля таго, як увялі санкцыі, большасьць палітзьняволеных вызвалілі.
  • Сама сыстэма выкананьня пакараньняў не разьлічаная на тое, што там ёсьць шмат палітзэкаў.
  • Палітвязьні найбольш арганізаваныя, матываваныя, гатовыя да адстойваньня сваіх правоў, а калёніі на гэта не разьлічаныя.
  • Размаўляюць нават з тымі, хто захоплівае закладнікаў.
  • Трэба патрабаваць спыніць усялякі палітычны перасьлед. Бо інакш вызваленьне палітзьняволеных ня мае ніякага сэнсу — адных вызваляць, а праз пару месяцаў дабавяць новых.

— Паступае ўсё больш інфармацыі з самых розных калёній, што палітычным зьняволеным прапануюць падпісаць просьбу аб памілаваньні, і пасьля гэтага іх вызваляць. Грамадзтва цяпер вельмі актыўна гэта абмяркоўвае, і, бадай, агульны настрой пераважна такі: «звычайным» людзям варта прасіць памілаваньня, але ня тым, хто прэтэндуе быць палітычным лідэрам.

— Традыцыя напісаньня просьбаў аб памілаваньні вельмі даўняя, яшчэ з савецкіх часоў дысыдэнтаў прымушалі пісаць гэтыя «памілаванкі». Хто пісаў, хто не пісаў, сытуацыя паўтараецца. У нас у Беларусі ўсё гэта было 10 гадоў таму, у 2011-м, калі вызвалялі палітвязьняў, прапаноўваючы ім пісаць просьбы аб памілаваньні.

Што тычыцца мяне асабіста, то я не пісаў прашэньняў, хаця такія сыгналы пачалі паступаць, калі я сядзеў яшчэ ў СІЗА, і потым паўтараліся ў розных формах, і на пачатку 2014 году начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў прыяжджаў у калёнію і прапаноўваў падпісаць просьбу ад памілаваньні. (Алесю Бяляцкаму 24 кастрычніка 2011 году прысудзілі 4 з паловай гады ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці —РС.) Я ўвесь час адмаўляўся, для мяне гэта было прынцыпова, бо я быў перакананы, што асуджаны несправядліва. А любая просьба аб памілаваньні — гэтым самым ты прызнаеш сваю віну, што ты зрабіў «злачынства».

Таму зьняволеныя з палітычных матываў мусяць самі прымаць такое рашэньне, самі вызначаць сваю сытуацыю. Бо іх могуць вызваліць і па амністыі, такія выпадкі таксама былі: мяне, у прыватнасьці, вызвалілі па амністыі ў чэрвені 2014 году. У мяне тут няма рэцэпту, і я ніколі не асуджаю тых, хто зьбіраецца падпісваць просьбу аб памілаваньні.

Цяпер сапраўды паступае шмат інфармацыі, што палітзьняволеным прапануюць падпісаць такія просьбы. Прапаноўваюць нават яшчэ не асуджаным, а тым, хто знаходзіцца ў СІЗА. Таму гэта маральна-палітычны выбар, кожны палітзьняволены павінен вырашаць гэта сам. Тут комплекс рэчаў, які чалавек мусіць улічваць — стан здароўя, ці хопіць у цябе сілаў, ці падтрымліваюць цябе сябры і знаёмыя.

— У свой час, калі Беларусь вызваліла палітзьняволеных у 2011–2015 гадах, сярод патрабаваньняў Захаду было ня толькі вызваленьне, але і поўная рэабілітацыя палітзьняволеных. Потым на гэтае патрабаваньне фактычна забыліся. А што азначае гэтая рэабілітацыя?

— Калі ў 2015 годзе пайшоў працэс аднаўленьня стасункаў Менску з Захадам, то звычайна не бывае, каб у працэсе нейкіх перамоваў былі цалкам задаволеныя ўсе патрабаваньні. Улады ж саджалі нас не для такога, каб вызваліць адразу: каб у іх была свабода дзеяньняў, яны б яшчэ трымалі нас там колькі заўгодна. Тое самае з патрабаваньнем рэабілітацыі — яно было справядлівае, але не было выкананае, адышло на трэці плян.

Рэабілітацыя — гэта комплекс кампэнсацыі стратаў несправядліва асуджаным, уключаючы прызнаньне прысуду несправядлівым, і матэрыяльная кампэнсацыя.

— Зараз гісторыя паўтараецца, і ўлады зноў пачынаюць торг з Захадам, «гандаль палітвязьнямі». Як на гэта павінен рэагаваць Захад і беларускае грамадзтва? Прымаць гэты крок уладаў, бо гэта лёс людзей, ці захоўваць пазыцыю, што «з гэтымі ўладамі няма пра што размаўляць, а значыць, і адказваць на любыя іхнія крокі ня варта»?

— Вядома, я ніяк ня веру ў гуманнасьць цяперашняй улады, была бы іхная воля і магчымасьці, яны б у 5 разоў больш людзей «закрылі» і трымалі б у канцлягерах. Але яны вымушаныя на гэта пайсьці, і тут некалькі прычынаў.

Адна з галоўных — замежнапалітычная. Да канца месяца рыхтуецца новы пакет эканамічных санкцыяў, і гэта прымушае ўлады рабіць крокі, якія могуць спыніць далейшае паглыбленьне санкцыяў. У 2011 годзе, пасьля таго, як увялі санкцыі, большасьць палітзьняволеных вызвалілі.

Другі чыньнік унутрыпалітычны. Вызваленьне палітвязьняў, якія прызналі сваю віну, — гэта ёсьць пэўны акт праявы ўладай сваёй сілы. Маўляў, сытуацыя пад кантролем, мы вызваляем тых, хто пакаяўся, а тыя, хто пакаяўся, адпаведна, ня маюць палітычнага аўтарытэту, бо яны прызналі сваю віну, прызналі сваё «злачынства». У гэтым ідэалягічны сэнс напісаньня просьбаў аб памілаваньні.

Трэці момант, пра які я гавару ўвесь час — гэта надзвычай вялікая колькасьць палітзьняволеных у турмах, якой у нас ніколі не было. І сама сыстэма выкананьня пакараньняў не разьлічаная на тое, што там ёсьць шмат палітзэкаў. Гэта выбівае яе з рытму закрытай сыстэмы, дзе парушаюцца правы чалавека і дзе гэта ўведзена ў норму. А палітычныя — гэта асаблівая ўвага да зонаў, гэта ўцечка інфармацыі, гэта значыць, што там бурацца шматлікія «традыцыі» ўтрыманьня зьняволеных. Бо палітвязьні найбольш арганізаваныя, матываваныя, гатовыя да адстойваньня сваіх правоў, а калёніі не разьлічаныя на гэта.

Я даўно казаў, што ў іх выйсьце — пачаць выпускаць палітзьняволеных. Сёньня ў калёніях сотні палітычных, раней такога не было, я ў свой час быў адзіны на ўсю калёнію. Таму яны падштурхоўваюць да разгрузкі сыстэмы пакараньня, бо іначай трэба ствараць асобную калёнію для палітычных — такія пляны, дарэчы, былі.

Гісторыя з захопам самалёта вельмі паскорыла тэму з эканамічнымі санкцыямі, таму ўлады вымушаныя хутка пачаць працэс частковага вызваленьня палітвязьняў.

— І якім павінен быць адказ таго ж Захаду? Вось рыхтуюцца санкцыі, а Менск кажа: «Глядзіце, мы зьмяніліся, мы вызваляем палітвязьняў». Як на гэта рэагаваць? Зрабіць нейкі крок у адказ ці сказаць: «Не, з вамі, афіцыйны Менск, гаварыць няма пра што, пакуль не зьменіцца ўлада»?

— Размаўляюць нават з тымі, што захоплівае закладнікаў. Асацыятыўна наша беларуская сытуацыя ў нечым падобная. Павінна заставацца ў парадку дня патрабаваньне вызваліць усіх палітвязьняў, без выключэньняў. Бо сотні палітзьняволеных адмовяцца пісаць просьбы аб памілаваньні, я гэта дакладна ведаю. Прытым ня толькі вядомыя палітычныя фігуры, але і звычайныя людзі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і былі несправядліва затрыманыя, і ў іх адзіная магчымасьць даказаць сваю невінаватасьць — не пісаць гэтага памілаваньня. І я ведаю, кантактуючы з сваякамі палітвязьняў, што такое абмеркаваньне ідзе ў сем’ях, і шмат хто, маладыя людзі, адмаўляюцца пісаць гэтыя прашэньні.

Колькасьць палітвязьняў можа зьменшыцца, але ўсё роўна іх застануцца сотні. Таму праблема нікуды ня дзенецца. Эканамічныя санкцыі ўводзяцца ў першую чаргу для спыненьня гвалту, для вызваленьня палітзьняволеных, правядзеньня справядлівых выбараў. Таму зразумела, што размаўляць з уладамі трэба, каб дабівацца найбольшага. Улады павінны вызваліць непаўналетніх, якія былі асуджаных паводле гэтых артыкулаў; мусяць вызваліць усіх жанчын — групы, якія найбольш неабароненыя і не павінны быць у турме. Мы, напрыклад, чакаем гэтага кроку ад уладаў.

Улады нібыта рыхтуюцца вызваляць палітзьняволеных, але рэпрэсіўная машына не зьніжае абаротаў. Ідуць затрыманьні новых людзей, пастаянныя палітычныя працэсы. Адбылося пагаршэньне заканадаўства аб грамадзка значных дзеяньнях. Адной рукой яны пагаршаюць заканадаўства і працягваюць рэпрэсаваць людзей. Біць затрыманых. Таму мы лічым, што трэба патрабаваць спыніць усялякі палітычны перасьлед. Бо інакш вызваленьне палітзьняволеных ня мае ніякага сэнсу — адных вызваляць, а праз пару месяцаў дабавяць новых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG